Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць Беларусі да развіцця супрацоўніцтва з Расіяй і рэгіёнамі.
Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам.

«Шмат хто кажа, што Лукашэнка вельмі эмацыйны, калі кажа пра адносіны. Мы — рускія людзі, у нас эмоцыі заўсёды хвошчуць цераз край, і без эмоцый мы ніколі не будавалі нашыя адносіны, маю на ўвазе, паміж славянскімі дзяржавамі. Увогуле, гэта заява нядобрасумленных сродкаў масавай інфармацыі», — сказаў Лукашэнка.

Пярэчачы тым, хто лічыць, што «Беларусь не сёння, дык заўтра разваліцца, яе падзеляць, ці то НАТО паглыне, ці то Еўрапейскі саюз», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нічога падобнага не здарыцца, сёння краіна жыве, і яна будзе жыць.

«Вы павінны ведаць,

што вы для нас ніколі не будзеце чужымі людзьмі, што б там ні гаварылі б і ні пісалі»,
 — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара Амурскай вобласці.

Ён адзначыў, што Амурская вобласць мае самае дынамічнае развіццё ва ўзаемаадносінах Беларусі з расійскімі рэгіёнамі. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што вялікія адлегласці не з’яўляюцца перашкодай для наладжвання адносін.

«Тая стратэгія, якую мы калісьці вызначылі па развіцці адносін паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, дае добры плён, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Па гэтым прыкладзе мы рухаемся і ў супрацоўніцтве, напрыклад, з Украінай. Велізарная краіна, не ўсё можна вырашыць у Кіеве, мы вельмі добра супрацоўнічаем з губернатарамі Украіны, гэта таксама дае вельмі вялікі плюс».

Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на тое, што апошнім часам зроблена шмат па развіцці інтэграцыі паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй, наданні большай свабоды ў эканоміцы. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што гэта ўжо дае нядрэнныя вынікі.

«Упэўнены, з 1 студзеня стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы фактычна аднаўляем адзіную краіну ў эканоміцы. Гэта таксама вельмі важна. Вядома, шурпатасцяў яшчэ хапае, але раз ужо Расія рызыкнула пайсці гэтым шляхам, я думаю, гэта справа часу — зняць гэтыя шурпатасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Таму ў нас добрыя перспектывы, і я хачу пацвердзіць прыхільнасць да развіцця нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй, рэгіёнамі», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?