Жонка кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп мае намер абскардзіць вынесены ёй прыгавор у Вярхоўным судзе, а затым звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека. Пра гэта яна заявіла журналістам 19 ліпеня пасля заканчэння разгляду касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе.

«У нас ужо ёсць такая „добрая“ судовая традыцыя, калі ты загадзя ведаеш, як усё будзе, што скажуць суддзі і пракурор, — сказала Халіп. — Я не веру, што ў Вярхоўным судзе разглядаць будуць па-іншаму, але мы хочам прайсці ўсе інстанцыі, каб мець усе дакументы. Па-першае, для ААН, а па-другое, для нашай наступнай рэабілітацыі, калі ўсе зменіцца. А зменіцца ўсё вельмі хутка».

Халіп зазначыла, што хацела б выказаць асаблівую падзяку свайму адвакату Ганне Бахцінай: «Яе выступленне было бліскучым. Яна выступіла не толькі як адвакат, але як чалавек і як грамадзянін».

Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кіраўнік перадвыбарнага штаба Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец, ён таксама мае намер абскардзіць прыгавор у Вярхоўным судзе, а затым звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

19 ліпеня Мінгарсуд пакінуў без змяненняў прыгаворы Халіп (два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады), Севярынцу (тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу) і кіраўніку перадвыбарнага штаба Мікалая Статкевіча Сяргею Марцалеву (два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?