Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга вытворчай базы будучай беларускай АЭС, паведаміў галоўны інжынер дзяржустановы "Дырэкцыя будаўніцтва АЭС" Анатоль Бондар 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. "Гэта так званая стартавая пляцоўка разам з адміністрацыйна-бытавым корпусам для першых падрадчыкаў-будаўнікоў, якія будуць працаваць на гэтай базе", — растлумачыў ён.

Паводле слоў Бондара, вытворчая база ствараецца з мэтай забяспечыць работы па будаўніцтве станцыі. На Астравецкай пляцоўцы таксама вядзецца дапрацоўка так званай піянернай базы. Гэта прыёмка абсталявання, матэрыялаў, забеспячэнне выканання работ па будаўніцтве жыллёвага фонду і жыллёвай інфраструктуры ў гарадскім пасёлку Астравец, паведаміў спецыяліст. Уся гэта аб'яднаная вытворчая база знаходзіцца недалёка ад чыгуначнай станцыі Гудагай.

Як паведаміў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Кулік, тыдзень таму Міністэрства энергетыкі зацвердзіла абгрунтаванне інвестыцый у будаўніцтва АЭС. Складнікам гэтага дакумента з'яўляецца справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай АЭС.

Наступная стадыя пасля абгрунтавання інвестыцый у будаўніцтва АЭС — распрацоўка архітэктурнага праекта. Пасля зацвярджэння праекта пляцоўка для будаўніцтва АЭС ў Астравецкім раёне стане рабочай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?