У вугорскім Сэкешфэхеры сэнсацыяй скончыўся фінальны турнір Кантынэнтальнага Кубку па хакеі. Яго пераможцам упершыню за гісторыю стала беларуская каманда. Напярэдадні турніру шанцы беларусаў не разглядаліся як прыярытэтныя, як‑ніяк у турніры бралі ўдзел прадстаўнікі элітных ліг чэмпіянатаў Фінляндыі і Расеі. Ды і мясцовую «Альба Волан» нельга скідваць з рахункаў, бо ў родных сьценах заўсёды гуляецца з большым імпэтам. Трэнэр менчукоў Міхаіл Захараў у інтэрвію, што папярэднічалі фіналу, адзначаў, што ў «Юнацтва» шанец зьявіцца толькі ў тым выпадку, калі каманда будзе прытрымлівацца найстражэйшай дысцыпліны.

Апошні раз беларускі клюб удзельнічаў у фінале Кантынэнтальнага Кубку тры гады таму. Тады «Гомель» у родных сьценах змог заняць другое месца, саступіўшы толькі славацкаму «Словану».

Ужо ў першы дзень спаборніцтваў менчукі змаглі даказаць, што гатовыя змагацца за першае месца. Ва ўпартай барацьбе беларускія хакеісты аказаліся мацней за фінскі «Ільвеса» – 3:2. Пераможную шайбу закінуў вэтэран беларускага хакею нападнік Сяргей Кавалёў.

Назаўтра «Юнацтва» праэкзамэнавала «Альба Волан». Вугорцы не змаглі аказаць належнага супраціву, і як вынік лік на таблё — 5:2.

Лёс Кубку быў вырашаны ў апошні дзень між беларускім чэмпіёнам і віцэ‑чэмпіёнам Расеі «Авангардам» з Омску, за які, дарэчы, выступае адзін зь лідэраў беларускай зборнай Аляксей Калюжны.

Напружаны матч скончыўся нулявой нічыёй. Пераможца турніру вызначаўся сэрыяй пасьляматчавых булітаў. Нэрвы беларусаў аказаліся мацнейшымі. Упершыню ў гісторыі беларускі клюб стаў уладальнікам эўракубку.

Кантынэнтальны Кубак даказаў, што беларусы маюць самадастатковы чэмпіянат, камандам зь якога пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы.

Фота junost.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?