Суд над падазраванымі ў выбуху з мінскім метро, магчыма, пачнецца праз месяц.

Абвінавачаныя ва ўчыненні выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 14 ліпеня пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч.

Васілевіч зазначыў, што згодна з законам на азнаямленне з крымінальнай справай даецца месяц. «Зыходзячы з гэтага вы можаце палічыць, калі справа будзе перададзена ў суд», — сказаў ён.

Таксама ён назваў прозвішчы падазраваных — Канавалаў і Кавалёў. Генеральны пракурор зазначыў, што абодва падазраваныя былі ў Мінску ў дзень тэракту.

Судовы працэс над імі, хутчэй за ўсё, будзе адкрытым,

але канчатковае рашэнне прыме суд, сказаў генеральны пракурор.

Рыгор Васілевіч адзначыў, што выявіць гэтых маладых людзей можна было б яшчэ пасля першых злачынстваў: у 2008-2009 гадах па адбітках пальцаў. Але ў базе іх не аказалася. Па яго словах, адзін з падазраваных у 2009 годзе быў прызваны ў войска і праходзіў дакталаскапію. І цяпер заведзена крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўніка, які згубіў тыя адбіткі пальцаў.

Генпракурор таксама заявіў, што бачыць адказнасць СМІ ў стварэнні негатыўнага стаўлення ў грамадстве да прымусовай дактыласкапіі.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метро прагучаў 11 красавіка. Загінулі і потым памерлі ад ран 15 чалавек, больш за 160 — атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?