Расстралялі двух жыхароў Гродна — Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку, прыгавораных да вышэйшай меры пакарання каля года таму. Пра гэта паведамляе газета «Вечерний Гродно».

Прыгавор па справе аб забойстве трох чалавек вынесены Гродзенскім абласным судом 14 мая 2010 года. Злачынства было ўчынена ноччу 14 кастрычніка 2009 года ў кватэры дома на вуліцы Кабяка ў Гродне. Пажарныя, якія прыбылі ліквідаваць узгаранне, знайшлі трупы 65-гадовага гаспадара, яго 34-гадовай нявесткі і яе 52-гадовай знаёмай. Знік сын маладой жанчыны, пяцікласнік.

Следства ўстанавіла, што 28-гадовы і 29-гадовы раней судзімыя жыхары Гродна з’явіліся ў гэтай кватэры позна вечарам 13 кастрычніка пад маркай сумеснага распіцця спіртных напояў, маючы намер завалодаць маёмасцю гаспадароў. Прыблізна ў 2.00 14 кастрычніка з малазначнай нагоды яны распачалі сварку з гаспадарамі, падчас якой забілі трох чалавек: мужчыну і дзвюх жанчын. Школьніку, які знаходзіўся ў кватэры, злачынцы прыгразілі забойствам, калі ён каму-небудзь раскажа пра ўбачанае. Пасля гэтага яны падпалілі кватэру і пайшлі, узяўшы з сабой камп’ютар, іншыя рэчы.

Спрабуючы паехаць далей ад Гродна, злачынцы спынілі таксі і прапанавалі вадзіцелю адвезці іх у Мінск або Маскву, маючы намер разлічыцца з ім выкрадзеным камп’ютарам. Калі ён адмовіўся, прыгразілі забіць і нават паспрабавалі ўдарыць нажом, аднак легкараненаму таксісту ўдалося ўцячы.

Затым злачынцы паспрабавалі выкрасці «Аўдзі-80» са стаянкі, якая не ахоўваецца, але зрабіць ім гэта не ўдалося. З салона яны выкралі вадзіцельскае пасведчанне ўладальніка, тэхпашпарт на аўтамабіль і іншыя дакументы.

Пасля гэтага маладыя людзі з дзіцем накіраваліся ў кватэру аднаго з іх, каб абмеркаваць далейшыя планы. Там іх затрымала міліцыя.

Абласны суд прызнаў абодвух вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных пп. 1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства двух і больш асоб з асаблівай жорсткасцю, звязанае з разбойным нападам, учыненае групай асоб), ч. 3 арт. 207 (разбой з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці шляхам падпалу), пп. 1, 6 ч. 2 арт. 182 (выкраданне малалетняга групай асоб), ч. 2 арт. 207 (разбойны напад), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 205 (замах на крадзеж аўтамашыны), арт. 378 (крадзеж дакументаў) Крымінальнага кодэкса.

Пасля вынясення прыгавору асуджаныя напісалі просьбу аб памілаванні на імя прэзідэнта, але атрымалі адмову.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы. Мараторый на смяротную кару з’яўляецца адной з асноўных умоў вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?