Нягледзячы на прорву выданых апошнім часам у краіне падручнікаў і дапаможнікаў для ідэйнай мэдытацыі грамадзян, у газавай вайне з РФ нашы мазгі афіцыёз прасушвае банальнай тэорыяй загавару.
Легенда наступная: банда газпромаўскіх кулакоў з-за сваёй куркульскай прыроды вырашыла кінуць апошняга славянскага саюзніка. Натуральна звычайны расейскі народ бачыў закідоны сваіх кіраўнікоў у заднім праходзе. Як сведчыць зандажы канторы, здаецца яе назва Экаон, сёння кожны трэці тост за калядным сталом расейцаў выглядае наступным чынам: “уздымем чаркі жа сябры за тое, каб пампаваць беларусам газ па унутраных расейскіх коштах. Ну будзем! Так увага: Васе больш не наліваць”.
Ня менш прыкольная экскурсія ў тэорыю змовы, якая ўздымае кулісу скандалу наконт праблемаў экспарту цукру. Тая версія акрамя ўсяго будуецца на вясёлым тэзісу аб тым, што нехта наўмысна пазбаўляе расейцаў больш салодкага за расейкі аналаг беларускага цукру (глядзі апошнюю “Панараму”). Адразу уявіў сябе “Пратаколы крэмлёўскіх мудрацоў – дыябетыкаў”, выданых “Славянскай альтэрнатывай”.
Далей больш: сучасных цяжкасцяў можна было б пазбегнуць калі б мы ў 94-ым захавалі атамную зброю. Мараль: або вы, расейцы, набываеце састаў камунаркаўскай “Алёнкі” або скажыце чао Варонежу ці Тамбову ( на ваш выбар).
Аднак больш цікава, што адмаўляючы ідэю рынкавага прынцыпу фармавання коштаў на газ, беларускі ўрад супярэчыць сваёй жа палітыцы.
Год назад Белсаюздрук і Белпошта адмовіліся прадаваць апазіцыйную прэсу паколькі яны суб’екты рынкавай гаспадаркі і ня могуць займацца гэткай філантропіяй як продаж прадукцыі, якая не дае гешэфту. Нават калі права на доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі, гарантаваны канстытуцыяй.
Такім чынам па - сутнасці Газпром проста пайшоў шляхам Белсаюздрука.
Калі Масква пачне паступаць Менску, можа апазіцыі ёсць сэнс выкарыстаць лексіку Панарамы м Контураў? Адмарозіць, што ў фактычнай забароне НН бацька і сістэма тут не прычым.
Тут відаць валасатую лапу, чокнутых на бабках, міллерах Белсаюздруку і грэфах Белпошты, якія насаджаюць у нашым грамадстве газпромаўскі светапогляд. А калі ўзяць пад увагу, што папулісцкая Воля любіць друкаваць кулінарныя у тым ліку розных пірожных ці тартоў рэцэпты, то тут ужо смярдзіць замахам на бураковую гаспадарку.