Сцэнар акцый «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» захоўвае сваю першапачатковую парадыгму — негвалтоўнае выказванне нязгоды з існым рэжымам.
Гэта першапачаткова былі апладысменты, а праз паўтара месяца сталі экраны мабільнікаў. З аднаго боку, гэта адпавядае ідэалогіі негвалтоўнага супраціву, ля вытокаў якога стаяў Махатма Гандзі, а з другога — у сучасных беларускіх умовах гэта нараджае песімізм адсутнасцю перспектываў развіцця.
Надзіва, натхняльнікі акцый вельмі далёка дыстанцыяваліся ад асноўных пытанняў сучаснага палітычнага жыцця Беларусі —
вызвалення незаконна асуджаных актывістаў, змен выбарчага заканадаўства дзеля праўдзівага падліку галасоў. Але гэта не ўратоўвае ўдзельнікаў акцый ад рэпрэсій з боку рэжыму. Адсутнасць пазітыўнай дзейнасці падчас акцый не дадае ім прыхільнікаў, не натхняе на далейшыя сустрэчы ў серады.

«Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» жыве сваім жыццём, якое плануецца колам малавядомых актывістаў. Але спад актыўнасці на акцыях падштурхоўвае да пошуку новых форм негвалтоўнага супраціву.

Падаецца, што найбольш спрыяльнай формай можа стаць напісанне лістоў салідарнасці да палітычных вязняў Беларусі.
Напісаць адразу ўсім вязням немагчыма, але за першыя паўгадзіны магчыма падпісаць лісты да дзясятка вязняў, а потым накіраваць іх з пошты заказнымі. Калі апрычнікі ў штацкім будуць перашкаджаць дасыланню лістоў, то гэта можна будзе зрабіць на наступны дзень. Найбольш эфектыўнай справай адначасова з салідарнасцю з вязнямі з’яўляецца напісанне лістоў да кіраўніка Беларусі або адпаведных структур наконт вызвалення палітычных вязняў. Тут ужо сама дырэктыва кіраўніка спрыяе атрыманню адказаў па сутнасці зваротаў. Калі б тысячы ўдзельнікаў негвалтоўнага супраціву пачалі пісаць лісты з патрабаваннямі вызвалення вязняў, а гэтая грамадзянская кампанія падтрымлівалася б у незалежных СМІ, то час вызвалення вязняў наблізіўся б.

Праз пэўны час магчыма было распачаць стадыю негвалтоўнага супраціву наконт зменаў выбарчага заканадаўства. Такая кампанія таксама скіраваная на перамены і можа падтрымлівацца шырокім коламі грамадзянскай супольнасці.

Разгортванне дадзеных сцэнараў акцый, лічу, надасць дынамізм негвалтоўнаму супраціву, які павінен пашырацца і набываць больш масавыя формы. Відавочна, што Беларусі ўжо цесна ў межах калгаснай сістэмы, якая мэтаскіравана захоўваецца ў Беларусі апошнім часам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?