Перабоі ў пастаўках у Польшчу нафты праз нафтаправод «Дружба» пачаліся ў нядзелю каля 23‑й гадзіны паводле менскага часу, а а шостай раніцы сёньня пастаўкі увогуле спыніліся. У Варшаве гэта выклікала сур’ёзную занепакоенасьць – празь Беларусь ідзе практычна 100% нафты, якую спажывае польская гаспадарка.

Апоўдні ў міністэрстве эканомікі Польшчы была скліканая адмысловая прэсавая канфэрэнцыя, у часе якой намесьнік міністра Пётр Наімскі заявіў, што польскі бок ня быў папярэджаны пра спыненьне паставак і ня мае інфармацыі пра тое, як доўга гэта будзе працягвацца.

(Наімскі:) «Беларускага амбасадара на ягоную просьбу прынялі прадстаўнікі міністэрства эканомікі. Ён прадставіў пазыцыю МЗС Беларусі, у якой гаворыцца, што пастаўкі нафты працягваюцца. Але ж мы добра ведаем, што нафты няма!»

Міністар Наімскі заявіў, што «Польшча мае справу практычна з закрыцьцём крану», – польскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы рыхтуюцца працы ва ўмовах зьмяншэньня паставак сыравіны. Акрамя ўласных запасаў гэтых прадпрыемстваў, краіна мае таксама стратэгічны запас нафты на 80 дзён – гэтага часу хопіць, каб калі будзе неабходна, перайсьці на пастаўкі нафты марскім шляхам.

Між тым, паводле польскіх адмыслоўцаў, цяперашні беларуска‑расейскі канфлікт можна назваць сур’ёзным, але Менск, хутчэй за ўсё, будзе вымушаны саступіць, бо Масква мае шмат магчымасьцяў ціску на Беларусь. Вось што думае Томаш Хмаль – экспэрт ў справах паліўнага рынку Інстытуту Сабескага:

(Хмаль:) «Вельмі вялікая колькасьць расейскай нафты ідзе праз Беларусь – гэта вялізныя грошы, і Масква будзе моцна ціснуць на Менск, так што з часам Беларусі прыйдзецца саступіць»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?