Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў прапануе Украіне і Беларусі разам з Расіяй адзначыць у 2012 годзе 1150-годдзе расійскай дзяржаўнасці.
Аб гэтым ён заявіў, выступаючы 22 ліпеня ва Уладзіміры на сумесным пасяджэнні прэзідыумаў савета па культуры і мастацтву і савета па навуцы, тэхналогіях і адукацыі пры прэзідэнце РФ, паведамляе БелаПАН.

«Я лічу, што мы цалкам маглі б адзначыць гэтую падзею разам з нашымі блізкімі краінамі, я маю на ўвазе, перш за ўсё, Украіну і Беларусь. У нас агульныя гістарычныя і духоўныя карані. І 2012 год, ён з’яўляецца важным годам не толькі для нашай краіны, тым больш што дзяржаўнасць наша, у адпаведнасці з кананічнай тэорыяй, распаўсюджвалася, што называецца, з поўначы — паўночнага-захаду на поўдзень, і ў гэтым сэнсе мы зацікаўленыя, каб нашы партнёры прынялі таксама ва ўсім гэтым удзел «, — цытуе Мядзведзева агенцтва «РИА новости».

* * *

1150-гадовым «юбілеем расійскай дзяржаўнасці» падзеі 862 года можна назваць вельмі апасродкавана — настолькі далёкія яны ад сённяшніх геапалітычных рэалій. З такім самым поспехам можна лічыць узрост французскай дзяржавы ад 413 года, калі было заснаванае Каралеўства бургундаў.

Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 годзе наўгародскі стараста Гастамысл ініцыяваў запрашэнне варажскага конунга (правадыра) Рурыка князем у Ноўгарад, бо «зямля ў нас багатая, а парадку няма». Пасля Рурыкавічы зрабілі цэнтрам сваёй воласці Кіеў. Калі ўварваліся мангола-татары, «пераемніцай» Кіева, згодна з савецкай яшчэ гістарычнай дактрынай, стала Уладзіміра-Суздальская Русь, цэнтрам якой паступова зрабілася Масква. Але аж да XV стагоддзя яе лідэрства было пад пытаннем — на яго прэтэндавала, напрыклад, Цвер. Толькі ў часы Івана ІІІ Каліты Масковія пачала ўзмацняцца, за Іванам IV яна знішчыла Наўгародскую рэспубліку, а за Пятром І, у 1721 г., афіцыйна стала звацца Расіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?