Нягледзячы на звароты грамадзян, Дзяржаўтаінспекцыя не робіць важкіх крокаў насустрач па праблеме пашырэння сферы ўплыву беларускай мовы.

 Яшчэ нядаўна штрафныя квітанцыі афармляліся па-беларуску.

Яшчэ нядаўна штрафныя квітанцыі афармляліся па-беларуску.

 Цяпер яны расійскамоўныя.

Цяпер яны расійскамоўныя.

Нядаўна аўтааматарам пачалі выдаваць квітанцыі на рускай мове аб аплаце штрафу. «Правілаў дарожнага руху» па-беларуску дагэтуль не існуе, а «Пасведчанні аб рэгістрацыі» транспартных сродкаў па-ранейшаму выпускаюцца ў стылі не заўсёды пісьменных моўных гібрыдаў. З-за чаго гэта адбываецца?

Чаму беларускі аўтамабіліст не можа атрымаць «Пасведчанне аб рэгістрацыі» сваёй машыны на роднай мове? І чаму «Правілы дарожнага руху» дагэтуль не выдадзены па-беларуску? Гэтыя пытанні цягам першай паловы 2011 года абмяркоўваліся на старонках «Звязды» і ў іншых беларускіх СМІ. Урэшце зварот з просьбай вырашыць праблему ў рэспубліканскую Дзяржаўтаінспекцыю даслаў Алег Трусаў, сябар Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта і кіраўнік Таварыства беларускай мовы. Рускамоўны адказ за подпісам начальніка ДАІ МУС Беларусі Ю.А. Літвіна трапіў у інтэрнэт.

«Паведамляем, што для арганізацыі выдачы ў масавым парадку пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку на беларускай мове неабходна зрабіць мадэрнізацыю ўсяго праграмнага забеспячэння, што запатрабуе значных фінансавых выдаткаў. На сённяшні дзень гэта немэтазгодна, паколькі назіраюцца толькі адзінкавыя выпадкі зваротаў грамадзян з просьбай аб выдачы пасведчання аб рэгістрацыі на беларускай мове», — пазначана ў адказе.

Дакумент выклікаў абурэнне на інтэрнэт-форумах. І не беспадстаўна. Атрымліваецца, што нашы дзяржаўныя ВНУ штогод выпускаюць сотні кваліфікаваных праграмістаў, а ў МУС няма сродкаў, каб замовіць праграмнае забеспячэнне (паколькі ўжо прамаргалі гэта пытанне раней). І замовіць яго не проста так, для гульні, а каб забяспечыць законнае права аўтааматара на родную мову.

Пры тым што сёння «Пасведчанне аб рэгістрацыі» складаецца найчасцей непісьменна. Сам шаблон дакумента — беларускамоўны, а звесткі ўносяцца па-руску. І замест «Колер сіні» мы чытаем «Колер синий».
Такі вось недарэчны моўны гібрыд. Гэта тое самае, што прышыць мужыку жаночыя ногі. Такога не павінна быць у прыродзе.

Наконт «назіраюцца толькі адзінкавыя выпадкі зваротаў грамадзян з просьбай аб выдачы пасведчання на беларускай мове», дык дзіўнага нічога няма. Я — чалавек беларускамоўны. Але маё «Пасведчанне аб рэгістрацыі» — стандартны моўны гібрыд. Таму што я імкнуўся атрымаць яго як мага хутчэй і не хацеў ісці з жабрацкай калітой да рознага кшталту начальнікаў, якія выказалі ласку і далі дазвол, каб я атрымаў дакумент на роднай мове.

Дарэчы пра мытарствы атрымання беларускамоўнага пасведчання "Звязда" паведамляла 30 сакавіка 2011 года («Як я атрымліваў тэхпашпарт на машыну па-беларуску»). Звычайнае пасведчанне робяць за суткі, на беларускамоўнае спатрэбілася...18 дзён.

* * *

Пытанне пра тое, каб выдаць «Правілы дарожнага руху» па-беларуску, падымалася не раз. Але і тут, як кажуць, воз і сёння там.

У пачатку лета Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь выпусціў найноўшы зборнік «ПДД і меры адказнасці за іх парушэнне». Аб'ём — 144 старонкі, і ніводнага слоўца па-беларуску.

Няма беларускай мовы і на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, у структуру якога ўваходзіць Дзяржаўтаінспекцыя. У адрозненне ад Дзяржаўнага памежнага камітэта, Міністэрства абароны і КДБ. Таму ёсць канкрэтныя падставы выказваць прэтэнзіі міліцэйскаму ведамству.

Днямі я сам упэўніўся ў тым, што тая ж служба ДАІ чым далей, тым больш адмаўляецца ад нацыянальнай мовы.

Калі ўзімку 2011 года інспектары выдавалі парушальнікам беларускамоўную «Квітанцыю аб аплаце штрафу», то зараз выдаюць рускамоўную «Квитанцию об уплате штрафа».

20 студзеня гэтага года мяне ўпершыню ў жыцці злавіў на хуткасць інспектар ДАІ. Уляпілі 35 тысяч штрафу. І тады мне выдалі беларускамоўную квітанцыю.

17 ліпеня я здзейсніў нязначнае правапарушэнне і ў другі раз у жыцці заплаціў штраф. На гэты раз квітанцыя была рускамоўнай. Маёр з мінскай абласной ДАІ Міхаіл Чумак распавёў, што, па яго назіраннях, мова на квітанцыях змянілася тры-чатыры месяцы таму.

Што дазваляе ведамству ўпарта пазбягаць нацыянальнай мовы?

Прычыну моўнага нігілізму журналіст «Звязды» ідэнтыфікаваў яшчэ ў канцы студзеня 2010 года, калі рыхтаваў расследаванне «Бітва за роднае слова». З дапамогай аўтарытэтных экспертаў мы высветлілі, што дзейны «Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» дазваляе службовым асобам выбіраць або рускую, або беларускую мову. Ідучы лёгкім шляхам, пераважная большасць выбірае рускую. А беларуская мова найчасцей цалкам ігнаруецца.

Хоць менавіта такія ключавыя ведамствы, як Дзяржаўтаінспекцыя, маглі б спрыяць пашырэнню сферы ўплыву нацыянальнай мовы. Аўтапарк Беларусі — гэта сотні тысяч транспартных сродкаў.
Верагодна, не за гарамі час, калі колькасць машын і матыцыклаў перасягне за мільён. Нездарма артыкулы пра ДАІ карыстаюцца папулярнасцю ў інтэрнэце, а інспектар Дзяржаўтаінспекцыі зрабіўся героем мноства анекдотаў.

Але моўная праблема ў ДАІ па-ранейшаму стаіць на месцы.

Р.S. Нягледзячы на негатыўныя моўныя тэндэнцыі, пра якія апавядаецца ў гэтым артыкуле, служба ДАІ з'яўляецца незаменнай. Інспектары штодня спыняюць нецвярозых кіроўцаў, «гоншчыкаў». А дай парушальнікам волю — і для твайго жыцця пагроза павялічыцца ў разы.

Ды і далёка не ўсе дакументы, звязаныя з дарожным рухам, аформлены па-руску.

Напрыклад, на новым «Вадзіцельскім пасведчанні» могуць напісаць па-беларуску. Калі дадаткова папросіш. Калі не — усё будзе па-руску.

На «Сертыфікаце аб праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартнага сродку» асноўны тэкст пакуль напісаны на роднай мове. У той жа час медыкі выдаюць цалкам на рускай мове «Медыцынскую даведку» аб стане здароўя кіроўцы. А страхоўшчыкі — цалкам рускамоўную страхоўку. Ёсць над чым працаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?