27 ліпеня — 21-я ўгодкі прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. Летась грамадскія рухі ды партыі святкавалі юбілей адзіным штабам. Сёлета ж, калі да 27 ліпеня застаецца літаральна некалькі дзён, аніводзін палітык яшчэ не зазначыў сваю гатоўнасць правесці акцыю.

27 ліпеня прыпадае на наступную сераду — дзень правядзення штотыднёвых маўклівых пратэстаў, якія арганізоўвае група «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Апошнім часам акцыі пайшлі на спад. Ці адбудзецца чарговая, стане вядома напачатку наступнага тыдня.

«Мы абярэм варыянт бліжэй да панядзелка, — паведаміў Вячаслаў Дзіянаў. — Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку — гэта не толькі маўклівыя акцыі пратэсту. Форма можа трансфармавацца. Галоўнае, каб расла суарганізаванасць людзей, каб выходзілі не асобныя людзі, а групы людзей. Гэты працэс ідзе».

У грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» нам таксама паведамілі, што пытанне наконт святкавання 27 ліпеня вырашыцца найбліжэйшым часам.

Паводле інфармацыі «Наша Нівы», канкрэтнай пазіцыі няма і ў шматлікіх моладзевых рухаў. Напрыклад, «Малады фронт» дагэтуль вырашае, ці далучацца «маўклівай рэвалюцыі», ці ладзяць уласнае мерапрыемства.

Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі збіраюцца абмежавацца заяваю з нагоды Дня Незалежнасці. Праводзіць акцыі БХД не плануе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?