26 ліпеня ў5-й клінічнай бальніцы Мінска павінны аперыраваць Дзмітрыя Бандарэнку — каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года. Сваякі і сябры Бандарэнкі называюць аперацыю прымусовай і заклікаюць сусветную супольнасць аказаць палітыку падтрымку.
Як паведаміла жонка Бандарэнкі Вольга, у бальніцу Дзмітрыя плануюць даставіць 25 ліпеня — пра гэтай ён паведаміў ёй у лісце.
Нагадаем, 27 красавіка суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў Дзмітрыя Бандарэнку да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх).
Пасля затрымання ў снежні мінулага года і ўтрымання пад вартай у Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У маі яго агледзеў
У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў медсанчасць, а затым — у Рэспубліканскую турэмную бальніцу, якая знаходзіцца на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Асуджанага палітыка паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію або аперацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга Бандарэнку адмоўлена.
Фактычна гаворка ідзе аб прымусовай аперацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Дзмітрыя. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой падкрэслівае: «Тое, што зараз беларускія ўлады маюць намер зрабіць з каардынатарам грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь“ Дзмітрыем Бандарэнкам, можна назваць адным словам — катаванне».
«Прымусовая аперацыя з’яўляецца безумоўным актам насілля супраць аднаго з кіраўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Рэспублікі Беларусь.Вынікі гэтай аперацыі непрадказальныя, Дзмітрыю пагражае інваліднасць. Адмова ў незалежнай кансультацыі, прымусовыя тэрміны вельмі цяжкай аперацыі, адмова ў рэабілітацыі — гэта вяртанне да рэпрэсіўнай палітычнай медыцыны часоў Савецкага Саюза», — заяўляюць актывісты кампаніі.
Яны ўпэўненыя, што на прыкладзе Бандарэнкі ўлады хочуць запалохаць астатніх дэмакратычных актывістаў.
«Еўрапейская Беларусь» заклікае ўсю сусветную дэмакратычную супольнасць, палітыкаў, дзеячаў культуры і навукі, усіх неабыякавых людзей падтрымаць Дзмітрыя Бандарэнку. «Зараз неабходна праводзіць акцыі каля беларускіх пасольстваў і консульстваў, звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі і да ўрадаў дэмакратычных краін, даносіць інфармацыю пра тое, што ў беларускіх турмах катуюць і калечаць апанентаў рэжыму. Зараз як ніколі нам патрэбна ваша салідарнасць», — гаворыцца ў заяве кампаніі.