Энэргетычная вайна між Менскам і Масквою дасягнула апагею і багата ў чым нагадала леташнюю спрэчку між Масквою й Кіевам. Беларусь настойвае, каб Масква пачала плаціць мыта на транспартаваньне нафты, Масква ж называе яго незаконным.

Ці можна казаць пра тое, што прыйшоў канец эканамічнаму саюзу між дзьвюма краінамі? З такім пытаньнем Украінская служба радыё Бі‑Бі‑Сі зьвярнулася да экспэрта цэнтру энэргетычных дасьледаваньняў НОМОС Міхаіла Ганчара.

М. Ганчар: Гэта яго пахавальны звон. Весьці гаворку пра якія‑кольвек эканамічныя саюзы з Расеяй накшталт ЭўрАзЭс, АЭП, якія‑кольвек расейска‑беларускія ці іншыя варыянты саюзных ці не саюзных альянсаў практычна бязглузда.

Гэта значыць, можна казаць, што гэтая сварка таксама будзе мець уплыў і на пэрспэктывы ЭўрАзЭсу, на пэрспэктывы адзінай эканамічнай прасторы, якую Беларусь заўсёды так актыўна падтрымлівала?

М. Ганчар: Па‑за ўсялякім сумневам. Таму што, уласна, усе лідэры СНД заўжды рабілі асаблівы націск на эканамічным супрацоўніцтве, на эканамічнай інтэграцыі і г.д., і цяпер мы бачым, што мадэль, якая можа працаваць (мадэль эканамічнай інтэграцыі) — гэта выключна тое, як лічыць Расея, яе інтарэсы перш за ўсё. Інтарэсы рэшты членаў папросту ігнаруюцца або адкідаюцца незалежна ад таго, наколькі палітычна ляяльнымі зьяўляюцца гэтыя краіны. Якраз прыклад зь Беларусьсю вельмі красамоўны, таму што больш палітычна ляяльнай краіны на постсавецкай прасторы, як Беларусь, цяжка было сабе ўявіць.

То бок вы фактычна лічыце, што патрабаваньні Беларусі сплачваць новае мыта на транспартаваньне расейскай нафты ў памеры 45 даляраў за тону ёсьць эканамічна абгрунтаванымі?

М. Ганчар: Яны бясспрэчна могуць выглядаць сумнеўнымі з пункту погляду міжнароднага права, да чаго і апэлюе Расея. Але, у прынцыпе, Беларусь мае права так рабіць. І гэта ёсьць рэакцыяй на ўсе тыя папярэднія дзеяньні Расеі, — і ў газавым сэктары, і ў нафтавым сэктары, — што мелі месца да гэтага. Абедзьве краіны знаходзяцца па‑за прававым полем Эўрапейскай энэргетычнай хартыі, таму калі Расея апэлюе да палажэньняў пра Эўрапейскую энэргетычную хартыю, то яна павінна мець на ўвазе, што, перш за ўсё, Масква павінна ратыфікаваць гэтую хартыю і дзейнічаць у яе межах.

А яна апэлюе да палажэньняў хартыі?

М. Ганчар: Прынамсі, я чуў выказваньне, у прыватнасьці, кіраўніцтва расейскай «Транснафты», што транзыт ёсьць «сьвятарнай кароваю». Гэта так. Але паколькі Расея не ратыфікавала Эўрапейскую энэргетычную хартыю, то да яе могуць быць ужытыя захады, што не карэлююцца палажэньнямі хартыі, што і зрабіла Беларусь, уласна кажучы. Таму можна па‑рознаму ставіцца да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, але з пункту погляду абароны нацыянальных інтарэсаў ён робіць правільна. У адпаведнасьці з расейскай традыцыйнай прыказкай «против лома нет приема окромя другого лома». І зьвярніце ўвагу, што паралельна, практычна ў тыя ж дні, Азэрбайджан прыпыніў транзыт сваёй нафты цераз тэрыторыю Расеі. Гэта таксама ёсьць адказам Азэрбайджану на тыя крокі ціску, якія рабіліся расейскім бокам ў дачыненьні Азэрбайджану з мэтаю прымусіць яго далучыцца да эканамічнай блякады Грузіі.

Гэтая сытуацыя шмат каму нагадвае падзеі леташняй даўніны, калі Расея закруціла, так бы мовіць, кран для паставак расейскага газу ва Ўкраіну. Тады таксама гучалі заявы пра тое, што нібыта Ўкраіна крадзе расейскі газ. Зараз «Транснафта» кажа пра тое, што Беларусь фактычна крадзе расейскую нафту. Вы мяркуеце, Беларусь сапраўды крадзе расейскую нафту?

М. Ганчар: Вядома, калі прыпынены транзыт, то яна не паступае, відавочна, і на тэрыторыю Беларусі. Гаворка ж ідзе пра тое, што беларускі бок заявіў пра прыпыненьне прапампоўваньня нафты. Такім чынам, там ня можа быць, што Расея некуды там пампуе тую нафту і што яна недзе па дарозе зьнікае. Бясспрэчна, што прымяненьне падобных захадаў, зьвязаных з прыпыненьнем транзыту, хутчэй за ўсё, будзе насіць кароткатэрміновы характар і мае на мэце прадэманстраваць расейскаму боку палітычную волю і здольнасьць Беларусі адстойваць свае інтарэсы.

Шмат хто быў зьдзіўлены тым, што Аляксандар Лукашэнка павёў сябе так рашуча і што ён увёў гэтае даволі высокае мыта й так хутка. Як вы лічыце, у параўнаньні з тым, як украінцы паводзіліся год таму ў падобнай сытуацыі пад падобным ціскам, ці праўда, што Лукашэнка больш рашучы?

М. Ганчар: І гэта таксама ёсьць чыньнікам, бясспрэчна. Потым, не забывайма пра тое, што ў Беларусі дастаткова аўтарытарны рэжым, і таму рашэньні прымаюцца на дзяржаўным узроўні як у Расеі, так і ў Беларусі дастаткова хутка. Для гэтага неабходнае толькі адпаведнае распараджэньне самага высокага ўзроўню, і яно далей выконваецца. Ва Ўкраіне сытуацыя зусім іншая, у выніку спрацавала ценявая карупцыйная схема, калі адбылася падмена сытуатыўнымі, «сіюмінутнымі» інтарэсамі стратэгічных інтарэсаў дзяржавы, і адбылася ганебная зьява летась 4 студзеня, калі былі падпісаныя адпаведныя пратаколы, якія фактычна пазбавілі Ўкраіну магчымасьці эфэктыўна выкарыстоўваць свой інфраструктурны шчыт. Гэта тое, што робіць зараз Беларусь. І, вядома, яна ёсьць добрым прыкладам для ўкраінскага кіраўніцтва.

Ілюстрацыя thomas-tank-engine.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?