Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў беларускія ўлады вызваліць каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнку, які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава.

«Я заклікаю ўлады ў Мінску неадкладна вызваліць з турмы спадара Бандарэнку і ўсіх палітычных зняволеных. Іх меса — не ў ізаляцыі, а сярод сям’і і сяброў. Сапраўдныя лідары прыслухоўваюцца да голасу сваіх грамадзян, а дыктатары кідаюць іх у турмы», — заявіў Бузек 24 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі Polskie Radio.

Паводле слоў кіраўніка Еўрапарламента, у дачыненні да Бандарэнкі ўлады паводзяць сябе «агідна і бесчалавечна». У зняволенага «сур’ёзныя праблемы з пазваночнікам, ён мае патрэбу ў спецыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі, канстатаваў Бузек. „Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя, і можа нават прывесці да пастаяннай інваліднасці“, — падкрэсліў ён.

„Спадар Бандарэнка, як і многія тысячы безыменных герояў, змагаецца за свабоду, дэмакратыю і лепшую будучыню для ўсіх беларусаў,
 — заявіў Бузек. — Іх стаўленне вымагае найвышэйшага прызнання і рашучай падтрымкі. Еўрапарламент шмат гадоў стаіць на баку беларусаў і падтрымлівае іх дэмакратычныя памкненні. Беларусы заслужылі, каб у будучым іх айчына ўвайшла ў лік свабодных і дэмакратычных еўрапейскіх краін“.

Дзмітрыя Бандарэнку, асуджанага на два гады пазбаўлення волі за „арганізацыю групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх“, павінны аперыраваць 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. Сваякі і сябры зняволенага заяўляюць аб прымусовым характары аперацыі, паколькі Бандарэнку паставілі перад выбарам: або аперацыя, або этапаванне ў калонію. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму палітыку адмоўлена.

„Тое, што зараз беларускія ўлады маюць намер зрабіць з каардынатарам грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь“ Дзмітрыем Бандарэнкам, можна назваць адным словам — катаванне“, — гаворыцца ў заяве грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь“. — Прымусовая аперацыя з’яўляецца безумоўным актам насілля супраць аднаго з кіраўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Рэспублікі Беларусь. Вынікі гэтай аперацыі непрадказальныя, Дзмітрыю пагражае інваліднасць. Адмова ў незалежнай кансультацыі, прымусовыя тэрміны вельмі цяжкай аперацыі, адмова ў рэабілітацыі — гэта вяртанне да рэпрэсіўнай палітычнай медыцыны часоў Савецкага Саюза».

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» заклікалі ўсю сусветную дэмакратычную супольнасць, палітыкаў, дзеячаў культуры і навукі, усіх неабыякавых людзей падтрымаць Дзмітрыя Бандарэнку. «Зараз неабходна праводзіць акцыі каля беларускіх пасольстваў і консульстваў, звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі і да ўрадаў дэмакратычных краін, даносіць інфармацыю пра тое, што ў беларускіх турмах катуюць і калечаць апанентаў рэжыму. Зараз як ніколі нам патрэбна ваша салідарнасць», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?