У красавіцкага тэракту ў менскім мэтро і выбухаў і расстрэлу людзей у Нарвэгіі ёсьць важнае падабенства — паводле афіцыйных вэрсіяў абодва злачынствы зрабілі тэрарысты-адзіночкі.

У тое, што бомбу ў менскім мэтро ўзарваў адзіночка, вераць, паводле апытаньняў толькі каля траціны беларусаў. У Нарвэгіі даюць веры афіцыйнай вэрсіі таксама ня ўсе, многія экспэрты выказваюць меркаваньне, што за выбухам каля рэзыдэнцыі прэм'ера і расстрэлам у летніку на Ўтоя павінны стаяць нейкія сілы і арганізацыі. У прынцыпе гэта, відаць, асаблівасьць чалавечай псыхалёгіі — паводле яе сур'ёзныя, важныя падзеі павінны мець такія ж падставы. Кансьпіралягічныя вэрсіі з ўскладаньнем ускоснай ці нават прамой віны на ўлады луналі ў самых розных краінах пасьля хіба ўсіх буйных тэрарыстычных нападаў.

Такім чынам сьвядомасьць абараняецца ад страшнай ісьціны аб прынцыповай уразьлівасьці сучаснага масавага грамадзтва, і ад нападу менавіта тэрарыста-адзіночкі — у найбольшай ступені. Экспэрты па барацьбе з тэрарызмам прызнаюць, што прадухіліць такі напад практычна немагчыма. Прычым, абаронай, як бачым, не зьяўляецца ані рэпрэсіўны, кантраляваны характар беларускага грамадзтва, ані адкрыты і дэмакратычны — нарвэскага. Дарэчы, паводле сусьветных рэйтынгаў дабрабыту і свабоды Нарвэгія займае адно з першых ці нават чыстае першае месца. Але гэта не прадухіліла масавай разьні.

Такое было б немагчымым ў дамадэрным грамадзтве: адзін чалавек не ўзарве вёску, без сучаснай зброі не пераб'еш за лічаныя хвіліны дзесяткі людзей. А і беларускае, і нарвэскае грамадзтвы — мадэрныя, масавыя, з высокім узроўнем тэхналёгіяў, дзе з бясшкодных рэчываў, якія можна легальна набыць, можна зрабіць бомбу.

Тое, што Андэрс Брэйвік, у адрозьненьні ад беларускага забойцы, падводзіў пад свае злачынствы нейкую палітычную базу, ня мае насамрэч вялікага значэньня. У любым грамадзтве ёсьць пэўныя праблемы і канфлікты — тыя ці іншыя, але толькі ў своеасаблівай сьвядомасьці яны ператвараюцца ў намер масава забіваць сваіх суайчыньнікаў. Здаецца, менскі досьвед асабліва яскрава дэманструе бессэнсоўнасьць спробаў шукаць у шматстаронкавых шчыраваньнях Брэйвіка нейкае тлумачэньне таго, што адбылося — матывацыя магла б быць і зусім іншай, магла б і наагул ня мець палітычнага характару. Мусульманская грамада ў Нарвэгіі, дарэчы, не такая вялікая, як, скажам, у Францыі ці Нямеччыне, дзе падобных праяваў не было. Тут рацыянальнае тлумачэньне вядзе ў тупік, бо адказ абсалютна не адпавядае моцы стымулу і па сутнасьці не залежыць ад яго.

Тэракт, дакладней, рэакцыя на яго — своеасаблівае люстра грамадзтва. Прычына, чаму беларускае грамадзтва аказалася пасьля тэракту ў мэтро настолькі схільным да кансьпіралягічных вэрсіяў — ня толькі ў асаблівасьцях нападу, але і ў закрытасьці грамадзтва, у тым, што беларусы кожны дзень чуюць ад афіцыёзу пра злавесныя змовы ворагаў. Ну як жа магло і тут абысьціся бязь іх? Да таго ж і стаўленьне да ўлады амбівалентнае: ад яе многія чакаюць дабротаў і ўратаваньня, але пры гэтым лічаць гатовай амаль на ўсё, а на хлусьню — хіба ня ў першую чаргу. І часам гэта адны і тыя ж людзі.

Партрэт грамадзтва — і ў адказах на пытаньне, што рабіць далей. Тэза пра тое, што адказам нарвэскага грамадзтва на злачынства павінна стаць большая адкрытасьць, якая зараз вельмі папулярная ў Нарвэгіі, выглядае на першы погляд дзіўнай: Нарвэгія і зараз — адзін з сусьветных лідэраў у гэтым сэнсе. І чым бы дапамагла большая адкрытасьць, калі б яна была ў Нарвэгіі да трагедыі? Нічым. Тут рацыя хіба ў тым, што калі б рэакцыяй на тэракт стала, напрыклад, абмежаваньне іміграцыі, гэта азначала б, што Брэйвік дасягнуў сваёй мэты. Што стварае кепскі прэцэдэнт таго, як сваіх палітычных мэтаў можна дамагацца.

Беларуская рэакцыя, па меншай меры, рэакцыя ўладаў падаецца больш лягічнай: умацоўваць кантроль. Той, хто павінен быў прадухіліць тэракт, яго не прадухіліў, значыць, павінен атрымаць магчымасьці працаваць лепш. Хаця насамрэч і такая рэакцыя мае няшмат сэнсу. Тэракты здараліся і ў СССР, і нацысцкай Нямеччыне (дастаткова прыгадаць замахі на Гітлера і Брэжнева), да якіх у сэнсе татальнага кантролю сучаснай Беларусі, на шчасьце, яшчэ далёка.

Некаторыя бачаць у пашырэньні ролі спэцслужбаў доказ таго, што за менскім тэрактам стаялі ўлады. Але гэта зусім неабавязкова. Проста абодва грамадзтва — і беларускае, і нарвэскае — рэагуюць на такі экзыстэнцыйны выклік зваротам да сваіх базавых асноваў.

Бо, магчыма, чыста рацыянальны адказ такі — нічога па сутнасьці не зробіш, гэта плата за мадэрн, за тэхналягічны ўзровень, за сталы стрэс інфармацыйнага грамадзтва. Але людзі — не кампутары, яны ня могуць так.

Грамадзтву важна ня толькі прадухіліць паўтарэньне падобнага ў будучыні (невідавочна, што гэта наагул магчыма), але і знайсьці сэнс працягу жыцьця пасьля трагедыі. Салідарнасьць, узаемадапамога — гэта насамрэч галоўны адказ на такі выклік, бо толькі гэта дае магчымасьць жыць далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?