У пачатку тыдня галоўным трэнэрам ФК «Гомель» быў прызначаны дасьведчаны спэцыяліст Анатоль Юрэвіч, які яшчэ ў 1996 годзе прывёў да чэмпіёнства ў беларускім першынстве мазырскі МВКЦ. Такім чынам «Гомель» стаў шостым клюбам вышэйшай лігі, у якім у міжсэзоньні зьмяніўся галоўны трэнэр. Таксама пакуль не зацьверджаны «коўч» гарадзенскага «Нёману», і зусім ня факт, што гэтую пасаду захавае цяперашні трэнэр Уладзімер Курнеў.
Футбольная зіма ў Беларусі была таксама прыкметная вяртаньнем колішніх галоўных трэнэраў нацыянальнай зборнай Эдуарда Малафеева і Анатоля Байдачнага. Малафееў вярнуўся ў Беларусь пасьля няўдалага ваяжу ў Шатляндыю, дзе ён працаваў зь мясцовым «Хартсам», які належыць літоўскаму мільянэру Ўладзімеру Раманаву. Цяпер Эдуард Малафееў будзе трэніраваць іншы клюб з холдынгу Раманава ‑‑ менскі МТЗ‑РІПА.
Байдачны ў сваю чаргу ўзначаліў ня самую моцную, але досыць амбіцыйную ждановіцкую «Дарыду», замяніўшы на гэтай пасадзе шматвопытнага Людаса Румбуціса.
У берасьцейскае «Дынама» замест Сяргея Бароўскага прыйшоў Уладзімер Гаваркян, а ў жодзінскім «Тарпэда» Алег Кубараў замяніў Уладзімера Жураўля.
Нікога ўжо ня дзівяць зьмены на трэнэрскім мосьціку менскага «Дынама». За 7 гадоў дырэктарства бізнэсоўца Юр’я Чыжа ў камандзе зьмяняецца 15 трэнэр. На гэты раз выводзіць «Дынама» на поле будзе былы нападнік каманды і нацыянальнай зборнай Беларусі Пётар Качура. Заўзятары іранізуюць, ці зможа ён пратрымацца на пасадзе хоць да пачатку лета.
На агульным фоне стабільнасьцю ў вышэйшай лізе вылучаюцца хіба толькі барысаўскі БАТЭ і салігорскі «Шахтар». Ня дзіўна, што менавіта гэтыя каманды апошнімі гадамі стабільна заваёваюць мэдалі нацыянальнага чэмпіянату.