У чым выгада ад продажу Белтрансгаза? Якімі стратамі пагражае гэтая ўгода беларускай эканоміцы? Ці можна прадаць Белтрансгаз еўрапейцам? «Беларускаму партызану» ўдалося пагутарыць з крыніцай, блізкай да перамоваў, якая падзялілася сваім меркаваннем на гэты конт.
— Навошта Газпрому Белтрансгаз?
— Газпром атрымлівае добры рычаг ціску на Беларусь, але, тым не менш, неабходна разумець: калі Белтрансгаз будзе прададзены Газпрому, прапампоўка па трубе (трубе БТГ — заўв. «БП») змяншацца не будзе. Хутчэй за ўсё, Газпром будзе зніжаць экспарт праз Украіну, але праз Беларусь ён падаць не стане. Натуральна будзе карэктаванне тарыфаў, больш свабоднае цэнаўтварэнне, рост цэнаў.
Трэба разумець, што любы інвестар, укладваючы грошы, хоча атрымаць прыбытак. У тым ліку ў выглядзе вяртання той сумы, якую ён уклаў, праз нейкі час. Гэта зразумела, што сума, якую ўклаў Газпром першапачаткова, будзе вяртацца не за адзін год і нават не за 10 гадоў.
Аднак у гэтай сітуацыі Газпром купляе сабе ўпэўненасць у тым, што газ у Еўропу будзе трапляць у любым выпадку. Гэта значыць, што пры нейкіх абвастрэннях і «газавых войнах» паміж Газпромам і Украінай газ для еўрапейскіх спажыўцоў дойдзе ў поўным аб’ёме. З купляй Белтрансгаза Расія атрымлівае гарантаваны транзіт, прычым па невысокай цане.
Для Газпрома гэта не столькі эканамічнае, колькі палітычнае набыццё. Пры
— Што страчвае ў гэтай угодзе Беларусь?
— Акрамя таго, што Беларусь страчвае актыў, мы яшчэ страчваем пэўныя прыбыткі. Трэба разумець, што інвестар не ўкладвае грошы проста так. Ён ўкладвае, каб атрымліваць прыбытак, і ён будзе гэты прыбытак выводзіць з краіны.
Для бюджэту краіны гэта будзе азначаць змяншэнне паступленняў. Пры любой спробе ўздзеяння звонку, як любіць дзейнічаць наша дзяржава, інвестар можа сказаць: «Так, хлопцы, тут прыватнае прадпрыемства і мы нічога звыш таго, што плацім, аддаваць не будзем».
— Чаму мы ідзем на такі недальнабачны крок?
— Тут сітуацыя іншая. Ёсць першачарговае пытанне. «Каму патрэбныя грошы»? Грошы патрэбныя Беларусі. Гандлявацца і выкручваць рукі можна тады, калі табе грошы асабліва не патрэбныя. У нашым становішчы ўвесь гандаль зводзіцца да маналогу: «Калі вам патрэбныя грошы — вы ідзяце на нашыя ўмовы. Калі няма, то мы не будзем спяшацца з купляй, нам не гарыць».
— Хіба Белтрансгаз не мог бы зацікавіць Еўропу?
— Справа ў тым, што энергетычная бяспека Рэспублікі Беларусь залежыць у тым ліку ад паставак газу, і адзін са спосабаў пазбавіцца газавага дыктату Расіі — гэта выкарыстоўваць еўрапейскі тэрмінал СПГ (звадкаванага прыроднага газу — заўв. «БП»). Але гэта не так проста і не так танна, як хацелася б. Беларусь вяла перамовы з Літвой, Латвіяй, самай цікавай была прапанова Эстоніі, але далей за перамовы гэтая справа не зрушылася.
Цяпер вырашаецца пытанне, дзе будзе стаяць тэрмінал на Балтыцы, будзе гэта Эстонія або Латвія (хутчэй за ўсё Рыга). Літва адпадае з шэрагу прычын: калі яны і будуць будаваць тэрмінал, то самастойна, пад еўрапейскія гранты гэта будаўніцтва не трапляе.
І калі дапусціць продаж Белтрансгазу еўрапейцам, то можна было б казаць пра цэласную сістэму, якая злучае праз Беларусь тэрмінал на Балтыцы і тэрмінал у Польшчы. Такім чынам, Еўропа гарантавала б сабе транзіт, але паўстае іншае пытанне — навошта гэта еўрапейцам сёння? Тым больш пры такіх нацягнутых адносінах з Мінскам. -То бок калі б мы вырашылі свае палітычныя рознагалоссі з Еўропай, то ўгода магла б адбыцца?
— Калі б адносіны былі нармальныя, то можна было б у рамках таго ж Усходняга партнёрства зрабіць рух насустрач адно аднаму. А пакуль ніякіх інвестыцый з Еўропы быць не можа.