У Нацбанку не пацвярджаюць чуткі аб верагодным увядзенні нормы куплі валюты ў абменных пунктах па пашпарце і іншых абмежаванняў.

«Такі дакумент мы не рыхтуем», — заявілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

Інфармацыя пра магчымыя абмежаванні на валютным рынку з’явілася ў шэрагу СМІ пасля заяў, зробленых прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам 22 ліпеня на цырымоніі ўручэння ўзнагарод пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік 2010 года». «Цяпер урад і Нацыянальны банк прапрацоўваюць меры, якія будуць унесены на рознічным і біржавым рынках з мэтай поўнага кантролю над валютнымі патокамі», — заявіў Мясніковіч. Валюта, падкрэсліў ён, — «гэта дарагі рэсурс, з гэтым трэба лічыцца, трэба распараджацца ёй так, як гэта павінна быць».

Пасля гэтага ў СМІ з’явіліся здагадкі экспертаў пра тое, што можа быць вернута норма, згодна з якой продаж валюты ў абменных пунктах будзе адбывацца пры прад’яўленні пашпарта альбо іншых ідэнтыфікуючых дакументаў, а таксама ўведзены абмежаванні па суме куплі валюты цягам дня.

Трэба адзначыць, што ў чэрвені прадстаўнікі бізнэс-колаў накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта праект праграмы першачарговых крокаў па выхадзе з валютнага крызісу. У якасці адной з мер па аднаўленні працы наяўнага рынку валюты прапаноўвалася ўвесці «разумны дзённы ліміт на продаж валюты ў адным банку на адзін пашпарт грамадзяніна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?