Адвакаты палітвязняў Ірыны Халіп і Мікіты Ліхавіда не прайшлі атэстацыю.

Нагадаем, што Мінюст ініцыяваў правядзенне гэтым летам пазачарговай атэстацыі адвакатаў. Як паведаміла сайту charter97.org журналістка Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сёння стала вядома, што яе адвакат Ганна Бахціна не прайшла пераатэстацыю ў Мінюсце. Гэта азначае, што Бахціна будзе пазбаўленая ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

«Старшыня атэстацыйнай камісіі — начальнік упраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Зелянко. На пасяджэнні камісіі ён заявіў, што ў Бахціной нібыта былі парушэнні ў адвакацкай дзейнасці. Але гэтая фраза завісла ў паветры, бо пацвердзіць яму гэта нічым не ўдалося. Потым Зелянко сам зразумеў, што гэта бяздоказна. У адваката не было ніякіх парушэнняў, а ў 2010 годзе Бахціна за сваю бліскучую працу нават атрымала грамату Мінюста з фармулёўкай — «за абарону правоў і свабодаў грамадзян». І калі пытанне пра парушэнні «завісла», бо ніякіх парушэнняў ніхто не мог канстатаваць, Бахціне паставілі ў віну, што яна не займалася прапагандай юстыцыі, не пісала артыкулы ў афіцыйныя газеты і не выступала па радыё і тэлебачанні.

Але справа ў тым, што з траўня мінулага года па чэрвень гэтага Бахціна была задзейнічаная ў велізарным судовым працэсе, у якім было 40 абвінавачаных. Працэс доўжыўся год, і яна была занятая з 10 раніцы да 6 вечара кожны дзень. Паралельна яна знайшла час на мяне, наведвала мяне пад хатнім арыштам, рыхтавалася да працэсу і бліскуча яго правяла. Бахціна не пабаялася брацца за маю абарону, у той час як двух адвакатаў, якія абаранялі мяне, пазбавілі ліцэнзіі «, — распавяла Ірына Халіп.

На пасяджэнні атэстацыйнай камісіі Ганна Бахціна заявіла, што будзе абараняць сябе і проста так не здасца.

«Я звязваю цяперашнія праблемы Ганны Бахціной з яе бліскучымі выступамі падчас судовага працэсу па маёй справе, і асабліва падчас разгляду касацыйнай скаргі, калі яна не пабаялася нагадаць судовай калегіі, што ўсе нашы справы рана ці позна будуць пераглядацца. І тыя, хто выносіў несправядлівыя прысуды, панясуць адказнасць. Калі ішоў працэс, прысутныя заходнія дыпламаты казалі адну фразу: «Такога б адваката ды ў нармальны суд», — заявіла Ірына Халіп.

Сёння ж стала вядома, што атэстацыю не прайшла Дар’я Ліпкіна — адвакат іншага палітвязня, Мікіты Ліхавіда.

Нагадаем, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзіяў чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы пра так званыя масавыя беспарадкі ў Менску 19 снежня. 3 сакавіка з складу калегіі быў выключаны адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Павал Сапелка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?