Як пісала «Наша Ніва» пры канцы году з 2‑га курсу гістарычнага факультэту БДПУ імя М.Танка была адлічаная студэнтка Надзея Манцэвіч. Афіцыйнай нагодай адлічэньня стала нібыта «сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку». Студэнтка лічыць, што сапраўдная прычына — яе актыўная студэнцкая і грамадзянская пазіцыя. Варта нагадаць, што яна была сярод затрыманых на Каляднай вечарыне 22 сьнежня на Дарашэвіча, 4‑2.

Загад аб адлічэньні быў падпісаны 27 сьнежня, а на настуны дзень Надзею Манцэвіч выклікалі ў дэканат ды азнаёмілі зь ім.

Надзея паведаміла, што зьбіраецца абскардзіць рашэньне аб адлічэньні яе з унівэрсытэту ў судзе. Яна не спадзяецца на справядлівасьць, але лічыць патрэбным давесьці сваю рацыю: «Так, у мяне былі пропускі заняткаў, але яны ёсьць амаль у кожнага студэнта, у тым ліку і шмат у каго з маіх аднагрупнікаў». Пры гэтым дзяўчына кажа, што ў дэканаце націскалі менавіта на гэта – на пропускі. Пра яе актыўную грамадзкую пазыцыю ніхто не ўзгадваў.

Намеснік дэкана гістарычнага факультэту Аляксандар Радзько ў сваю чаргу паведаміў, што ня варта шукаць нейкіх іншых прычынаў адлічэньня Н. Манцэвіч: «Яна мела вымову рэктара за пропускі, а пасьля гэтага дастаткова 2 гадзінаў пропускаў для адлічэньня. На жаль, але гэта так».

Кажучы пра свае пляны, Надзея зазначае, што зь Беларусі ня зьедзе, а калі й будзе вучыцца за мяжой, то толькі завочна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?