24 ліпеня баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы адзначылі 215-я ўгодкі з дня народзінаў філамата Яна Чачота.

Спачатку ўдзельнікі турыстычнай вандроўкі наведалі вёску Новая Мыш (Баранавіцкі раён), дзе ўсталяваны помнік пачынальніку беларускай літаратуры, аўтару шасці зборнікаў «Вясковых песняў».

Мінскі прафесар Леанард Дарашэвіч і бард Аляксей Жбанаў не толькі расказалі пра творчасць Чачота, але і правялі інтэлектуальную віктарыну па гісторыі філаматаў і філарэтаў.

Свае вершы прачыталі баранавіцкія паэты Алесь і Алена Белыя. Усклаўшы кветкі да помніка і праспяваўшы некалькі чачотаўскіх песняў, удзельнікі гістарычнай вандроўкі накіраваліся ў вёску Крывошын (Ляхавіцкі раён).

Тутака ў фальварку Рэпіхава і прайшлі дзіцячыя гады маленькага Яна, пра што сведчыць яго балада «Мышанка». Мясцовыя грамадскія актывісты ўсталявалі ў Рэпіхаўскім парку памятную шыльду ў гонар паэта. Палюбаваўшыся мясцовымі краявідамі, удзельнікі мерапрыемства арганізавалі міні-канцэрт па творчасці Чачота. Барды Аляксей Жбанаў, Зміцер Занеўскі, Цімох Акудовіч праспявалі чачотаўскія песні «Прэч, прэч сум, нудоты», «Зноў вярнуць вякі б нам тыя», «Што старыя за вар’яты» і інш.

Арганізатары і ўдзельнікі падарожжа дамовіліся ў наступным годзе наведаць гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю сусветнавядомага навукоўца Ігната Дамейкі, 210-я ўгодкі якога будзе адзначаць грамадскасць у 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?