Праект школы ўнікальны.

Праект школы ўнікальны.

Дразды — пасёлак наменклатуры і бізнэс-эліты.

Дразды — пасёлак наменклатуры і бізнэс-эліты.

Найбольш цікавым замоўцу падаўся варыянт маскоўскай майстэрні Speech.

Найбольш цікавым замоўцу падаўся варыянт маскоўскай майстэрні Speech.

Частка даху будзе выкананая са шкла, а астатняя ператворыцца ў жывы газон.

Частка даху будзе выкананая са шкла, а астатняя ператворыцца ў жывы газон.

Прыватныя агульнаадукацыйныя школы ў жыхароў Мінска не карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Паводле дадзеных Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, у 2010/2011 навучальным годзе ў сталіцы функцыянавала ўсяго пяць прыватных школ, у якіх у суме навучалася толькі 343 вучні.

Нізкі попыт на прыватныя агульнаадукацыйныя паслугі можна растлумачыць прымальным узроўнем адукацыі ў дзяржаўных сярэдніх навучальных установах. Тым больш што для ахвотных атрымаць больш глыбокія, чым у звычайнай школе, веды ёсць нямала дзяржаўных гімназій і ліцэяў. Вось на іх попыт, мяркуючы па конкурсе сярод тых, хто паступае, сапраўды павышаны.

Яшчэ адной прычынай непапулярнасці прыватных школ цалкам можна назваць неразвітасць іх інфраструктуры. Неабходныя мінімальныя патрабаванні, што прад’яўляюцца Міністэрствам адукацыі, яны, вядома, вытрымліваюць (інакш не змаглі б працаваць), але школай у тым разуменні, да якога мы ўсе прывыклі, — вялікі будынак са спартовай і актавай заламі, сталовай, бібліятэкай, распранальнямі, — сённяшнія прыватныя ўстановы назваць складана.

Але ў горада ёсць планы па будаўніцтве паўнафарматнай прыватнай сярэдняй школы на 400 вучняў, і працэс ужо запушчаны.

Для будынка школы адведзены ўчастак зямлі ў прэстыжнай частцы Цэнтральнага раёна — непадалёк ад вадасховішча Дразды ў межах вуліцы Ціхая і праспекта Пераможцаў. Архітэктурны праект распрацавала маскоўская майстэрня Speech, а будаваць школу будзе кампанія «Трайпл».

Як расказаў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара Упраўлення капітальнага будаўніцтва ТАА «Трайпл» Аляксандр Каранько, раней на тым участку, дзе будзе прыватная школа, планавалася будаўніцтва дзяржаўнай сярэдняй школы, але затым горад ад гэтага намеру адмовіўся, бо па суседстве ўзводзіцца мікрараён Лебядзіны, дзе ўжо запланаваныя дзве школы, а раён вуліцы Ціхай — гэта катэджавая забудова. А значыць, яшчэ адна дзяржаўная школа магла б не набраць дастатковай колькасці вучняў.

Аляксандр Каранько кажа, што ідэя будаўніцтва прыватнай школы зыходзіла не ад «Трайпла», але перыядычна то тут, то там усплывала і кіраўніцтву кампаніі, у прынцыпе, падабалася. Калі жа нечакана вызваліўся ўчастак, «Трайпл» вырашыў гэтую ідэю ўвасобіць у жыццё.

«Асаблівага бізнэсу для «Трайпла» тут няма, — кажа намеснік гендырэктара. — Калі толькі разглядаць гэты праект як доўгатэрміновае ўкладанне». Аднак у «Трайпл» упэўненыя, што калі яны здолеюць прапанаваць якасны прадукт, то спажывец абавязкова знойдзецца.

У «Трайпла», як вядома, вельмі шырокая сфера дзейнасці — нафта, будаўніцтва і будматэрыялы, рэстаранны бізнэс, рытэйл, вытворчасць безалкагольных напояў, турызм. Дадаваць да гэтага пераліку яшчэ і адукацыйныя паслугі ў кампаніі пакуль не плануюць і ў праекце прыватнай школы бачаць сябе толькі забудоўшчыкам. Аднак рэальнага гаспадара ў будучай школы таксама пакуль няма.

«Каму яна будзе належаць? Будзем выбіраць сумесна з Міністэрствам адукацыі. Цікавасць да праекта ёсць, кансультацыі вядуцца», — кажа Аляксандр Каранько.

Праект будынка будучай прыватнай школы фактычна гатовы, але яшчэ не зацверджаны, бо, па словах Каранько, не да канца акрэсленая базавая канцэпцыя новай навучальнай установы: «Мы спрабуем яшчэ на ўзроўні распрацоўкі праекта прывязаць школу да навучальнага працэсу, каб усё было зручна і функцыянальна, а не ўжо гатовы будынак прыстасоўваць да патрабаванняў».

Па словах Аляксандра Каранько, пэўная яснасць з тым, што ж гэта будзе за школа, як там будзе фармавацца адукацыйны працэс, з’явіцца месяцы праз два-тры. Яшчэ праз год можна будзе прыступіць да будаўніцтва, якое зойме не менш за год.

А вось архітэктурны праект будынка школы ўжо ёсць. З вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што будучая школа будзе выглядаць менавіта так, як яе ўбачылі расійскія архітэктары. Дадатковага ўзгаднення патрабуе толькі ўнутраная планіроўка будынка.

Па словах Аляксандра Каранько, у конкурсе на распрацоўку архітэктурнага праекта будынка школы удзельнічалі дзевяць кампаній — не толькі беларускія, але і з Расіі і Літвы. Найбольш цікавым замоўцу падаўся варыянт маскоўскай майстэрні Speech.

Як патлумачыла Naviny.by кіраўнік творчай групы, якая працавала над праектам, Кацярына Панкевіч, фактычна адзіным патрабаваннем, якое замоўцы прад’явілі будынку будучай школы, было яго яркае і інавацыйнае архітэктурнае рашэнне.

Неабходнасць падзяліць навучальны і спартыўны блок, а таксама малодшыя і сярэднія класы падказала архітэктарам ідэю трохчастковай кампазіцыі, а жаданне надаць будынку дынамічную форму прымусіла ўспомніць вобраз шруба або бумеранга з трыма лопасцямі.

Кожная з лопасцяў будынка нясе ўласную функцыянальную нагрузку: адзін блок цалкам адведзены пад класы сярэдняй школы, у другім пачатковыя класы суседнічаюць са сталовай, гульнявымі пакоямі і гурткамі, а ў трэцім размясціліся спартыўная і трэнажорная залы. Цэнтральную прастору ўсіх навучальных блокаў плануецца ператварыць у зімовыя сады, а ядром ўсёй планіроўкі стане аб’ём актавай залы на першым паверсе і сталовая на другім паверсе.

Архітэктары ў ліку іншых варыянтаў прапанавалі абліцаваць фасады будынка каляровым шклом, падбіраючы панэлі такім чынам, каб у выніку атрымаўся бесперапынны спектр. І замоўца спыніўся менавіта на такой вясёлкавай расфарбоўцы.

Вакол будынка школы архітэктары плануюць размясціць стадыён, гульнявую пляцоўку і аранжарэю.

Таксама варта адзначыць, што архітэктары распрацоўвалі праект з улікам экалагічна чыстых метадаў будаўніцтва і «зялёных» тэхналогій. Частка даху будзе выкананая са шкла, будзе максімальна прапускаць святло, а астатняя частка ператворыцца ў жывы газон.

Колькі будзе каштаваць гэты цуд архітэктурнай думкі, невядома. Але відавочна, што вельмі дорага — за простыя і танныя праекты майстэрня Speech не бярэцца. Дарэчы, школа на замову «Трайпла» — не першы досвед працы Speech у Беларусі. Раней гэтая майстэрня рабіла праект гатэля Kempinski, будаўніцтва якога плануецца на праспекце Незалежнасці.

Таксама відавочна, што не ў тры капейкі будзе абыходзіцца бацькам і навучанне дзяцей у школе-бумерангу. Дарэчы, адзін з варыянтаў каляровага афармлення будынка школы меркаваў аздабленне панэлямі пад золата. Але, мабыць, замоўцу «залатая школа» здалася абуральна нясціплай. Тым больш што вучыцца ў ёй будзе, мяркуючы па ўсім, тая самая залатая моладзь — дзеці айчынных нуварышаў і буйных чыноўнікаў.

Не памылімся, калі выкажам здагадку, што ў тых, хто чытае гэты тэкст, спалучэнне словаў «школа», «Дразды» і «Трайпл» выклікала зусім пэўныя думкі пра тое, навошта і для каго будуецца гэтая школа. У Драздах жыве кіраўнік дзяржавы з сынамі, малодшаму з якіх — Мікалаю — сёлета ісці ў школу, а «Трайпл» завуць кампаніяй, набліжанай да ўладнай вярхушкі краіны.

Зрэшты, тэма «школы для Колі» абмяркоўваецца ўжо не адзін год.
Малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі ўжо адпраўлялі вучыцца і ў школу ў Астрашыцкім гарадку (побач з яшчэ адной прэзідэнцкай рэзідэнцыяй), і ў Бараўляны, дзе ў мінулым годзе адкрылі абсалютна новую і суперсучасную школу, і нават у кадэцкі корпус.

Дакладна можна сказаць, што ў прыватную школу ў Драздах Мікалай Лукашэнка не пойдзе. Прынамсі, не ў гэтым годзе. Паводле папярэдніх ацэнак, школу-бумеранг на беразе вадасховішча пабудуюць не раней за канец 2013 года, а Мікалаю у першы клас ісці ўжо гэтай восенню.

Акрамя таго, бацька Мікалая раней публічна казаў, што яго малодшы сын будзе вучыцца ў звычайнай школе. «Ён будзе сапраўдным грамадзянінам нашай краіны і будзе вучыцца ў звычайнай школе», — заявіў Лукашэнка ў верасні мінулага года.

Як заўважыў тады Лукашэнка, ён сам скончыў звычайную сельскую школу і стаў прэзідэнтам. І хацеў бы, каб і яго сын, атрымаўшы адукацыю ў звычайнай школе, «заняў у грамадстве годнае месца паводле сваіх ведаў і здольнасцяў».

«І тое, што я сабе не дазволю будаваць асаблівую школу для свайго сына — гэта будзе разбурэнне твару і іміджу цяперашняга прэзідэнта, — дадаў Лукашэнка. — Я ніколі на гэта не пайду. Гэта поўная лухта і звычайныя ўкіды , каб дзесьці ўскубнуць, неяк падмачыць прэзідэнта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?