photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

«Шмат разоў быў у падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад адзінапляменцаў, у небяспеках ад язычнікаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках сярод фальшывых братоў...» - гэтыя словы св. Паўла ўяўляюць сабой якбы біяграфічны партрэт «Божага заўзятара».
Гісторыя ведае трохі такіх «авантурнікаў», якія, «апаясаўшы сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў зброю праведнасці, і абуўшы ногі ў гатовасць абвяшчаць мір, ды ўзяўшы шчыт веры (...) і меч духоўны, якім ёсць Слова Божае» (пар. Эф 6: 14-16), прайшлі свой жыццёвы шлях.
Адным з такіх «авантурнікаў» быў Казімір Кардынал Свёнтак.
Двойчы арыштоўваны, аднойчы асуджаны на смерць, іншы раз асуджаны на дзесяць гадоў катаргі, месяц – у камеры смерці, 9 год – у жудасных умовах савецкіх канцлагероў, 6 гадоў працы «паміж молатам (бальшавізму) і кавадлам (нацызму)», 40 гадоў працы прад прыцэлам савецкага ваяўніча-атэістычнага рэжыму... Думаю, што ў нябёсах ён будзе дастойным субяседнікам апостала народаў, св. Паўла.
З дзевяностых гадоў гэты духоўны волат пачаў быць публічнай асобай.
У 1991 годзе кансекраваны на біскупа і ўстаноўлены мітрапалітам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1994 – узведзены ў ранг кардынала, у 1999 г. - абраны старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Як і кожная іншая публічная асоба, ён апынуўся пад прыцэлам грамадскае думкі.
Ён не стаў улюбёнцам ані палякаў, якія разлічвалі на каталіцкі Касцёл у замацаванні і пашырэнні польскасці ў Беларусі, ані беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая схільная была бачыць у ім «польскага патрыёта».
Дэмакратычная апазіцыя крытыкавала яго за талерантнае стаўленне да лукашэнкаўскага рэжыму, рэжым жа ў сваю чаргу не мог не бачыць у Кардынале ўчорашняга «ворага» бальшавіцкага духу, таго духу, якім так паслядоўна натхняецца і сучасны рэжым. Рэжым пазбягаў публічнае крытыкі Кардынала і старанна дбаў пра тое, каб у вачах грамадскай думкі паўстаць як хаўруснік і шанавальнік гэтага каталіцкага іерарха. Аўтарытарныя лідэры зазвычай шануюць пераможцаў, нават (а мо й тым больш!) калі гэтыя пераможцы паходзяць з «варожага» лагеру.

Ecce homo – так называецца адна з узнагародаў для Казіміра Кардынала Свёнтака. І

гэты зварот – вось чалавек – зацямняе ўсе другасныя ці трацічныя спрэчкі пра тое, ці быў ён «палякам», «беларусам», «дэмакратам», «еўрапейцам» і г.д.
На яго абліччы адлюстравана барацьба і перамога самога Ісуса Хрыста. І гэта самае істотнае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?