Беларус, украінец, грузінскі цыган і габрэй заснавалі ў Бэрліне музычны праект, які назвалі «ШОС-бэнд». Свой першы інтэрнэт-сынгл «КГБ – Калі Госпаду Баліць» музыкі прэзэнтуюць на «Тузіне Гітоў». «Калi яны спускаюць сабакаў на тых, хто слухае кансэрваванага Цоя, дык жывую рыбу будуць глушыць у басэйнах зь сернай кiслатой», - мяркуе лідэр гурта Міхал.

Аўтар тэкстаў і вакаліст «ШОС-бэнду» называе сябе «Панам Міхалам зь Ліпску». У 90-х ён быў даволі вядомым чалавекам у менскім культурным асяродзьдзі. Пан Міхал працаваў у газэце «Імя», граў у складзе менскага хэві-мэтал гурта SPIRIT, меў сольны праект НХЛ. «Я заўжды быў культурным правакатарам», - кажа музыка. У 1996 годзе ў яго ўдалося афіцыйна выдаць альбом НХЛ «Музыка для хоккеистов». У адной зь песень ён сьпяваў, як «товарищ Лукашенко на корке апельсиновой сломал ногу».

З паўмесяцы касэта прадавалася на ўсіх буйных кропках у Менску, але нейкі пільны слухач настукаў на яго ў фірму-выдаўца і альбом быў прыбраны з паліцаў.
Пан Міхал таксама сьцярджае, што ведае хто такі Інкогніта, які сьпявае «Надзеньку» ў «Народным альбоме», а сярод іншых сваіх заслугаў называе, што менавіта ён прымусіў засьпяваць на беларускай мове будучую рок-князёўну Крысьціну Мендзялееву з гурта Hasta La Filstа і зацягнуў у першы беларускамоўны праект вакаліста гурта Partyzone Дзяніса Вячэрскага. А яшчэ вучыў беларускай Рому Арлова.

Пан Міхал у тыя часы яўна карыстаўся слабай ідэалягічнай пільнасьцю дзяржаўных структураў: «У часы глыбокага ўжо Лжэсашы ў ратацыю на беларускае дзяржаўнае радыё ўдалося ўкінуць маю песьню, дзе сьпявалася так: "Пайду служыць мянтом/ Не дай Бог цябе злаўлю/Ўсю дубiнку паламлю"», - з замілаваньнем згадвае ён.

На пачатку 00-х Пан Міхал перабраўся ў Бэрлін, дзе ўзяўся актыўна прасоўваць беларускую культуру.

«Міхалок тут неяк пабываў, дык потым распавядаў усім пра цікавы артыстычны квартал Кройцбэрг. Дык я ў тым Кройцбэргу, турэцкім дарэчы раёнчыку, нехта накшталт культурнага начальства», - кажа ён.

Сёлета высьпела ў Міхала і ідэя музычнага праекту, які назвалі «ШОС-бэнд». У склад яго яшчэ ўвайшлі ўкраінец, грузінскі цыган і габрэй. «Я панапісаў вершаў ды крычу, а сябра мой, цыган Рома піша музыку ды грае на гітары», - распавядае музыка. Ён не называе свайго сапраўднага прозьвішча, бо «ранавата пакуль», але абяцае зрабіць гэта неўзабаве.

«ШОС-бэнд» прэзэнтуюць на «Тузіне Гітоў» свой дэбютны інтэрнэт-сынгл, які завецца «КГБ – Калі Госпаду Баліць».

У Менск прыязджаць гурт Пана Міхала пакуль не плянуе: «Калi яны спускаюць сабакаў на тых, каго хапае толькi на тое, каб нацiснуць на пiмпачку з кансэрваваным Цоем, дык жывую рыбу, мяркую, будуць глушыць у басэйнах зь сернай кiслатой. Меў гонар ведаць асабіста дзядулек беларускай літаратуры Грахоўскага і Скрыгана, дык яны мне сёе-тое на гэты конт распавядалі».

Слухаць тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?