Кастусь Каліноўскі – магчыма самая значная фігура ў беларускай гісторыі. І не толькі таму, што ён узначаліў паўстаньне 1863-64 гг. на Беларусі; не толькі таму, што прыняў пакутніцкую сьмерць за Бацькаўшчыну. Самае галоўнае у ягонай постаці – ён стаў гістарычным мастом паміж старажытнай ідэяй дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага і ідэямі беларускага нацыяналізму 20-га стагодьдзя, якія увасобіліся ў стварэньні БНР у 1918 г., а іх лягічным завяршэньнем стала стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 г.

Ад часоў Патопу моц Вялікага Княства стала паступова занепадаць, і з апошнім падзелам Рэчы Паспалітай яно канчаткова зьнікла з палітычнай мапы. Працэс заняпаду заняў 140 – 150 гадоў. Здавалася, дзяржава не адновіцца і ўжо ніколі не паўстане. Надзея нацыі - Ліцвінская інтэлігенцыя - была цалкам спалянізаваная, культурна была вельмі далёкая ад народу. Яна не ставіла на мэце аднаўленьня незалежнай Літоўскай дзяржавы. Носьбітам мовы Вялікага Княства быў просты люд, сяляне, прыгнечаныя беднасьцю цягам пакаленьняў. Няма каму было паўстаць і сказаць за іх, пра іх беды і на іх мове. Ім было не да нацыяналізму. Як пракрміць сям’ю – вось галоўнае пытаньне. У гэтым сэнсе польскі, альбо спалянізаваны ліцвінскі пан быў ворагам, не меншым за маскаля.

І вось маўчаньне было перарванае. Каліноўскі быў зусім адрозны ад сучасьнікаў. Ён сфармуляваў наноў ідэю аднаўленьня незалежнасьці земляў Вялікага Княства. “Тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе”... Але гэта не была ў чыстым выглядзе ідэя Вялікага Княства Літоўскага. Каліноўскі ужывае ўжо назву Беларусь. Ён зноў ужывае мову, якую можа гадоў 200 (а мо – і больш) ніхто не ўжываў у друку. Для яго Вялікае Княства было яшчэ недалёкім мінулым, яго бацькі яшчэ нарадзіліся і жылі ў ім. Але ён здолеў зфармуляваць на аснове ідэяў старога Вялікага Княства новую нацыянальную ідэю - Беларусь. І адрасаваў сваё пасланьне тым, хто быў нацыянальна не зпалянізаваны і не зрусіфікаваны – сялянам.

Вялікая аб’яднаўчая сіла Каліноўскага яшчэ і ў тым, што ён увязаў нацыянальныя пытаньні з пытаньнямі сацыяльнымі. Ён належаў да небагатага шляхецкага роду, таму ён бачыў і разумеў становішча сялян. Зямля, як самая галоўная крыніца эканамічнага дабрабыту, павінна належаць тым, хто на ёй працуе: “Мы сягодня ўсе ўжэ ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі... От што вольнасць значыць”. Такім чынам, новая дзяржава мусіла стаць не толькі нацыянальнай, але і сацыяльнай.

Вось у гэтым аб'яднаньні мінулага і будучыні і ёсьць значнасьць постаці Каліноўскага. Ён не перамог фізычна, але ён сфармуляваў ідэю, цэлае вучэньне аб новай дзяржаве, якое ў рэшце рэшт перамагло. У гэтым была ягоная перамога. Ягоны прыклад выдатна ілюструе словы кагосьці з клясыкаў марксізму-ленінізму аб тым, што калі ідэя авалодвае масамі, то яна матэрыялізуецца (хаця самі словы, канешне, маюць Хрысціянскае паходжаньне: “Калі вера вашая будзе хаця б з гарчычнае зерне...”). На фундамэнце “Мужыцкай Праўды” паўсталі Дунін-Марцінкевіч і Багушэвіч (абодва - удзельнікі паўстаньня). Багушэвіч падаў квінтэсэнцыю ідэй беларускага нацыяналізму і сацыялізму. А ўжо за ім пайшло ўсё астатняе: Беларуская Сацыялістчная Грамада (1903), браты Луцкевічы і Вацлаў Іваноўкі, Янка Купала, Якуб Колас, “Наша Ніва”, 1-шы Ўсебеларускі Кангрэс (1917), БНР (1918), БССР (1919), беларусізацыя 1920-х у БССР, беларускі рух 1920 – 30-х у Заходняй Беларусі, спроба аднаўленьня беларусізацыі пад нямецкай акупацыяй, рух супраціву ў паваенныя часы, і нарэшце апошняя хваля адраджэньня – Уладзімір Караткевіч, Лявон Баразна, Зянон Пазьняк, БНФ і вось нарэшце звяршылася – абвяшчэньнне незалежнасьці Беларусі ўлетку 1991 г., Шушкевіч, распад СССР і набыцьцё незалежнасьці дэ-факта ў сьнежні 1991 года. Які доўгі і цярністы шлях!!! Амаль 140 гадоў! Вось дзе сапраўды відаць справядлівасьць словаў Хрыста: “Калі вы будзеце мець веру як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас” (Мацьвея 17:20). Ці бачыў такую будучыню Каліноўскі, калі друкаваў свае лісты? Ці ўглядаўся ён вокам веры у тое, што адбудзецца праз 140-150 гадоў? Малымі сродкамі робяцца вялікія справы, і яго ідэі перамаглі.

Працэс будаўніцтва беларускай дзяржавы яшчэ не завершаны. Наперадзе паўторная беларусізацыя, зьмена ўлады на нацыянальны пра-беларускі ўрад, пабудова эфектыўнай і самадастатковай эканомікі. Усё гэта можа зацягнуцца яшчэ на гады. Але вяртаньне ў часы Северо-Западного края наўрад ці магчымае.

Ці маем мы сёньня веру хаця б з гарчычнае зерне ці хаця б упалову той, што была ў Каліноўскага? Ці ўглядаемся мы вокам веры ў тое, што будзе хаця б гадоў праз трыццаць. І самае галоўнае – што мы, найперш – беларуская моладзь, гатовыя зрабіць дзеля зьдзяйсненьня гэтых ідэй? Ці мы гатовыя ахвяраваць нечым дзеля Бацькаўшчыны (найперш – магчымасьцю жыць на Захадзе)? Успомніце, што Каліноўскаму было усяго 25 – па сучасных мерках беларуская моладзь. Чым мы можам наблізіць паўстаньне Беларускай нацыянальнай і самадастатковай дзяржавы? Кожны адказвае на гэтыя пытаньні сам і выключна для самога сябе, як калісьці адказаў для сабе Кастусь Каліноўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?