Магілёўскі актывіст Незалежнага прафсаюза РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці) Аляксей Паўлоўскі звярнуўся ў Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з просьбай растлумачыць словы Лукашэнкі.

«У сваім выступленні 26.04.2011 года перад СМІ прэзідэнт РБ А.Лукашэнка назваў кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу «казлом» і сказаў, што ў кіраўніцтва Украіны «вашывасці хапае», — нагадвае Паўлоўскі. «Паколькі ў школе на ўроках рускай і беларускай моваў мы гэтыя тэрміны і назвы не праходзілі і нам незразумелы іх сэнс, просім даць растлумачэнні гэтым словам і растлумачыць, ці з’яўляюцца выказаныя А.Лукашэнкам слова прымальнымі пры звароце звычайных грамадзян РБ да кіраўніцтва дзяржавы», — гаворыцца ў лісце.

«Карыстаючыся выпадкам», муляр 5-га разраду Паўлоўскі таксама просіць вучоных-мовазнаўцаў растлумачыць наступныя выказванні Лукашэнкі:

«вашывыя блыхі» (на адрас прадпрымальнікаў) і «адмарозкі, пятая калона» (на адрас апазіцыі).

«У сувязі з тым, што згаданыя вышэй тэрміны часта паўтараюцца кіраўніком дзяржавы, прашу ўвесці іх у курс школьнай праграмы ці выдаць спецыяльны слоўнік прэзідэнта РБ А.Лукашэнкі, бо на прадпрыемствах і ва ўстановах запушчана ідэалагічная праца з грамадзянамі. Чыноўнікі не могуць растлумачыць гэтыя выразы народу», — піша Паўлоўскі.

Свае далейшыя дзеянні прафсаюзны актывіст плануе ў залежнасці ад адказу на ліст. «Калі яны скажуць, што некампетэнтныя, прыйдзецца звяртацца ўжо да самога Лукашэнкі. Калі напішуць, што было выказана штосьці дрэннае ў дачыненні да людзей — звярнуся да Барозу і Януковіча з просьбай дэлегаваць мне паўнамоцтвы на прадстаўленне іх інтарэсаў у судзе, куды будзе накіраваны іск пра абарону іх гонару і годнасці. Калі ў акадэміі навук адкажуць, што ўсе гэтыя словы — добрыя і неабразлівыя, значыць, можна і нашага прэзідэнта так называць», — заявіў аўтар ліста ў каментары БелаПАН.

Паўлоўскі таксама звярнуў увагу на праблему хамства чыноўнікаў і начальнікаў у дачыненні да простых людзей, якое, паводле яго слоў «шырока распаўсюджана на месцах».

Варта адзначыць, што Аляксей Паўлоўскі ўжо звяртаўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай растлумачыць вышэйназваныя словы прэзідэнта.

У афіцыйным адказе міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі рэкамендаваў яму звярнуцца да мовазнаўцаў, што актывіст і зрабіў.
Адначасова ён паскардзіўся ў Генпракуратуру. Паводле меркавання Паўлоўскага, Мінінфарм парушыў закон аб звароце грамадзян, паводле якога ён павінен быў пераадрасаваць запыт Паўлоўскага ў адпаведную інстанцыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?