Працэс над следчым па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі Святланай Байковай, які праходзіць у Вярхоўным судзе, набліжаецца да фіналу. Прысуд павінен быць абвешчаны 2 жніўня, а 14 гадзіне.

Хаця гэтыя звесткі у Вярхоўным судзе не пацвердзілі, параіўшы звяртацца па інфармацыю ў пачатку жніўня.

Байкова займалася расследаваннем гучных карупцыйных спраў, напрыклад, аб хабарніцтве і кантрабандзе на мытні «Заходні Буг». Але сама была абвінавачана ў злоўжываннях, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, незаконных затрыманнях і іншых злачынствах — усяго па 5 артыкулах крымінальнага кодэксу.

Па словах вядомага праваабаронцы Гары Паганяйла, гэтыя абвінавачванні — толькі адзін бок «справы Байковай»:

— Мы ведам сапраўдную прычыну, чаму Байкову прыцягваюць да адказнасці, яна занадта глыбока капнула. Выйшла на тых фігурантаў, так званых «недатыкальных людзей» у генеральскіх пагонах. Усё гэта раследванне эпізодаў па кантрабандзе, па «крышыванню» мяжы, мытні закранула высокія чыны, гэта ўжо аказалася недазваляльна і ёй далі па руках, прычым вельмі сур’ёзна. Яе адсунулі ад разгляду справы, пасадзіўшы ў ізалятар КДБ.

Крымінальная справа супраць Байковай была ўзбуджана 24 лютага 2010 года старшынёй КДБ Вадзімам Зайцавым. Пасля 6 месяцаў знаходжання у СІЗА КДБ мера стрымання для яе была зменена на хатні арышт. На суд яе прывозілі пад вартай. Па некаторых звестках, Байкова ўжо звольнена з Генеральнай пракуратуры, але ў самой пракуратуры гэтыя звесткі не каментуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?