Мяне зачапіў не столькі артыкул Ірыны Халіп «Быдлячае вяселле з наступным піярам», размешчаны на сайце «Хартыі», колькі каментары да яго. Прызнаюся, балюча і непрыемна. Зразумелая прырода паходжання некаторых з іх. І тым не менш. Калі адкінуць эмоцыі, то высновы ад каментароў не аптымістычныя. Па-першае, пры такой канцэнтрацыі злосці і агрэсіі еўрапейскую Беларусь мы наўрад ці пабудуем у агляднай будучыні. З ненавіснікаў рэдка растуць паспяховыя будаўнікі і творцы, разбураць ім удаецца значна эфектней.
Да таго ж, Беларусь настолькі нестандартная краіна, што ў кожнага свае ўяўленні аб стандартах еўрапейскай палітычнай культуры.

Па-другое, я ўжо ўсё гэта чуў. Прычым неаднаразова. На Акрэсціна. Падчас зачыстак і хапуна. У перыяд допытаў і збіванняў. Апошні раз у следчым ізалятары КДБ. Трохі розныя словы і націскі, але сутнасць адна і тая ж. Толькі там былі лукашысты, а тут быццам бы свае.

Па-трэцяе, і гэта галоўнае, выбіраючы паміж дэмантажом сістэмы, якая прымушае людзей станавіцца на калені і дэманстраваць свае слабасці, і спакусай падзяўбсці і нагадзіць на носьбітаў гэтых самых слабасцяў, многія выбіраюць апошняе. Але гэта бег па коле. Мы непазбежна вернемся ў снежні 2010 года. Толькі прозвішчы будуць іншыя. Корань зла, крыніца праблемы не ў канкрэтных людзях, а ў сістэме. Няўжо нядаўняе савецкае мінулае і працяглая беларуская цяпершчына нічому нас не вучаць? Архівы забітыя пад завязку мільёнамі прыкладаў, выпадкаў, калі раздушвалі нядрэнных людзей.

Калі ў СІЗА «тройка» ў складзе пракурора, міліцыянта і камітэтчыка паведаміла, што я пазбаўлены волі за «старыя грахі», я адказаў, што не бачу тут Ісуса Хрыста, які б вызначаў ступень маёй грахоўнасці. Тое самае магу паўтарыць Ірыне Халіп і агрэсіўным каментатарам.
Выбачайце, але я не бачу!
Адзін кандыдат у прэзідэнты напісаў чалабітную Лукашэнку, другі падпісаў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ, трэці ў судзе сказаў, што адмаўляецца ад паказанняў, бо яны былі дадзены пад пагрозай расправы над сваякамі. Асяроддзе чацвёртага па хвілінах распісала, што, хто і калі. Пяты зачытаў на тэлебачанні напісаны камітэтчыкамі тэкст, зноў жа пад пагрозай фізічнай расправы над канкрэтнымі людзьмі. Я не падпадаю ні пад адзін з гэтых выпадкаў. І гэта дае мне маральнае права заявіць, што знаходзяцца сёння ў турме менш за ўсё зацікаўленыя ў высвятленні, хто з прэтэндэнтаў самы-самы.
І ўсё роўна — са знакам плюс або мінус. СВАБОДА тых, хто яе пазбаўлены, — вось што ёсць прыярытэтам сённяшняга дня, які патрабуе кансалідацыі і салідарнасці ўсіх.

Да тых, хто застаецца ў турме, я стаўлюся па-рознаму. Гэта праўда. Але і пасля чытання артыкула Ірыны ў мяне не з’явілася жадання за вызваленне кагосьці змагацца ў большай ступені, а кагосьці — у меншай. Бо, у адрозненне ад большасці зласлівых каментатараў, я ведаю, што такое «савецкая турма» сучаснай Беларусі.

У «Амерыканцы» мне прапаноўвалі здзелку: «Калі Вы падпішаце тое, што падпісалі іншыя, ці скажаце, што сказалі іншыя, то сёння ўвечары будзеце дома ў коле сваёй сям’і». Мне карцела дадому. Я паказаў следчаму сваю правую руку і сказаў, што хутчэй адгрызу яе, чым адмоўлюся ад таго, у што веру ці буду ілжэсведчыць у дачыненні да іншых.

Для Вас, Ірына, Аб’яднаная грамадзянская партыя — гэта «гоп-кампанія лузераў». Але як можна называць лузерам Міхаіла Чыгіра, які не прамяняў прыстойнасць і годнасць на пасаду і прывілеі другога чалавека ў дзяржаве? Навошта кідаць несправядлівыя абвінавачванні ў тых, хто за сваю палітычную і грамадзянскую пазіцыю прайшоў усе колы турэмнага пекла? Прычым не дзень, не месяц і нават не год і не два, адседзеўшы ў палітычных засценках. Гэта дэпутаты парламента з групы ініцыятараў імпічменту Валодзя Кудзінаў і Андрэй Клімаў. А хто даў права сваімі параўнаннямі зневажаць двойчы Героя, легендарнага Васіля Старавойтава? Дарэчы таксама асвойвалі азбуку турэмнай граматыкі. Навошта несправядліва наважваць цэтлікі Аляксандру Дабравольскаму, Зінаідзе Станіславу Багданкевічу, Васілю Шлындзікаву, Паўлу Данэйка, Валерыю Карбалевічу, Людміле Пецінай, Святлане Гольдадэ, Аляксандру Саснову і шматлікім іншым асобам?

І гэтымі прозвішчамі доўгі спіс толькі пачынаецца.

Назавіце мне яшчэ адну структуру, якая заплаціла за перамены ў Беларусі такую высокую цану як АГП. Жыццё Віктара Ганчара! Жыццё Юрыя Захаранкі! А дзіўная смерць Генадзя Карпенкі?

Не чапайце АГП рукамі, нават калі Вы іх вымылі з мылам.
Увесь гэты час партыя ў акопах, на перадавой.

Не бачу сэнсу абмяркоўваць артыкул з алоўкам. Але не магу, не маю права не адрэагаваць на адзін абзац, які тычыцца Аб’яднанай грамадзянскай партыі. АГП — гэта не Анатоль Лябедзька. Гэта больш за 3600 чалавек. Яны розныя, але ў пераважнай большасці прыстойныя, годныя людзі. І нікому не дазволена іх абражаць і зневажаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?