Сакратарыят і сябры рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) выказаліся ў падтрымку Ганны Бахціной, якая апынулася перад пагрозай пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі.

«Мы ведаем Ганну Віктараўну Бахціну як аднаго з лепшых у нашай краіне абаронцаў правоў і свабодаў грамадзян, — гаворыцца ў прынятай 1 жніўня заяве СБП. — Гэта чалавек узорных прафесіяналізму, таленту і мужнасці. У складаны перыяд яна годна прадстаўляла інтарэсы нашага старэйшага грамадскага аб’яднання ў працэсах Вярхоўнага суда, бліскуча адстойвала і адстойвае ў нашай краіне пастулаты праўды і справядлівасці… Рашуча заклікаем адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі і атэстацыйную камісію перагледзець прынятыя рашэнні, бо, як сведчыць Яе Вялікасць Гісторыя, усё мінецца, а праўда — застанецца».

Як паведамляе прэс-служба СБП, сярод падпісантаў — народныя паэты Беларусі Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Анатоль Кудравец і дзясяткі вядомых беларускіх творцаў.

***

Ганна Бахціна, адвакат Ірыны Халіп, не прайшла нечарговую атэстацыю, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі. Пасяджэнне атэстацыйнай камісіі адбылося 26 ліпеня пад старшынствам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Мікалая Зелянко. Пры абвяшчэнні рашэння камісіі афіцыйная фармулёўка прычын непраходжання атэстацыі не аб’яўлялася. Гэта было зроблена толькі пасля просьбы Бахціной. У якасці прычын неатэстацыі ёй назвалі тры: «парушэнне адвакацкай дзейнасці і правілаў прафесійнай этыкі, а таксама вядзенне маленькай прававой прапаганды сярод насельніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?