Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў з Генеральнай пракуратуры Беларусі адказ на зварот апазіцыйных палітыкаў, якія прапаноўвалі генпракурору Рыгору Васілевічу абмеркаваць пытанні парушэння правоў і свабод у краіне.

«Змест адказу ніяк не звязаны з тэкстам нашага звароту. Мы не прасілі генпракурора праводзіць расследаванне, а прапаноўвалі сустрэцца з палітычнай апазіцыяй для абмеркавання пакета пытанняў агульнадзяржаўнага гучання, уключаючы прававое бязладдзе, якое сілавікі культывуюць падчас разгону вулічных акцый», — заявіў Лябедзька.

Нагадаем, 15 ліпеня апазіцыйныя палітыкі прапанавалі генпракурору, а таксама старшыням Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Пятру Міклашэвічу і Валянціну Сукалу абмеркаваць на сумеснай сустрэчы пытанні «татальнага парушэння правоў і свабод у Беларусі». Ліст асабіста перадалі ў ведамствы Лябедзька, лідары Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік руху «За Свабоду» Віктар Карняенка і сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

У лісце да Васілевіча палітыкі зазначаюць, што

«тысячы людзей у розных рэгіёнах краіны затрымліваліся невядомымі людзьмі, часта з нематываваным прымяненнем сілы.
Людзі пазбаўлены магчымасці абароны сваіх правоў у судовым парадку, таму што суды ператварыліся ў бездапаможны дадатак сілавых структур».

У лісце на імя Міклашэвіча выказана «занепакоенасць татальным парушэннем Канстытуцыі з боку сілавых структур». «Супрацоўнікі праваахоўных органаў кіруюцца загадамі і нормамі падзаконных актаў, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з Асноўным законам краіны», — гаворыцца ў пасланні.

У лісце да Сукалы палітыкі выказваюць занепакоенасць наконт таго, што «суды падтрымліваюць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да іншадумцаў, безагаворачна становячыся на бок прадстаўнікоў праваахоўных органаў пры разглядзе спраў у судовым парадку».

«Відавочна, у Васілевіча і Сукалы ёсць яўны дыскамфорт перад сустрэчай з намі
Некаторы манеўр мае Міклашэвіч, якому мы прапанавалі абмеркаваць пытанні Канстытуцыі. А генпракурор і суддзя Вярхоўнага суда — гэта адукаваныя кваліфікаваныя юрысты, якія цудоўна ўсё разумеюць, але абмяркоўваць гэтыя пытанні для іх смерці падобна. Прычым Васілевіч не толькі адмовіўся ад сустрэчы, але і схаваўся за спіну начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Паповай, якая падпісала адказ на зварот. Гэта паказвае, наколькі нізка ўпала прававая сістэма і яе кіраўнікі», — заявіў Лябедзька.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?