Святлану Байкову апраўдалі па чатырох з пяці абвінавачванняў. Але прысудзілі два гады «хатняй хіміі».

Блізкія віншуюць Святлану Байкову з вызваленнем. Злева — муж. Фота Сяргея Гудзіліна.

Блізкія віншуюць Святлану Байкову з вызваленнем. Злева — муж. Фота Сяргея Гудзіліна.

Святлана Байкова. Фота Сяргея Гудзіліна.

Святлана Байкова. Фота Сяргея Гудзіліна.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Наста Цымановіч зачытвае прысуд. Фота Сяргея Гудзіліна.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Наста Цымановіч зачытвае прысуд. Фота Сяргея Гудзіліна.

Амаль пяць месяцаў пры зачыненых дзвярах у Вярхоўным судзе слухалася крымінальная справа супраць старшай следчай Генеральнай пракуратуры па асабліва важных справах Святланы Байковай.

Байкова была арыштаваная 25 лютага 2010 года супрацоўнікамі КДБ. Пасля гэтага яна знаходзілася паўгода ў «амерыканцы», а ў мінулым жніўні яе перавялі пад хатні арышт.

Справа Байкова на першых парах выявіла процістаянне між КДБ і Генеральнай пракуратурай. Генпракурор Рыгор Васілевіч выносіў пратэст па затрыманні сваёй падначаленай, але суд яго адхіліў. Тады Васілевіч адмовіўся падоўжыць тэрмін утрымання Байковай пад вартай.

Тым не менш, праз нейкі час і генпракурор развёў рукі ўбок, сказаўшы: «Не ідэалізуйце следчага». Ён прызнаў, што ў сваёй працы Байкова часта перавышала службовыя паўнамоцтвы. «Не заўсёды арышты былі абгрунтаванымі і законнымі», — сказаў Васілевіч.

Фактычна пасля гэтага Генеральная пракуратура адмовілася падтрымліваць сваю калегу. Людзі, што сутыкаліся з Байковай адзначалі яе фанатычнасць у працы.

За што ж арыштавалі Байкову? Следчая вяла справу з кантрабандай сярод брэсцкіх мытнікаў. Таксама ёй арыштаваны быў былы кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Анатоль Грамовіч, былы кадэбіст. Апошняму было прад’яўлена абвінавачванне ў артыкуле 258 «Стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй».

Летась у жніўні ў СМІ трапілі пратаколы допыту бізнэсоўца Паўла Малочкі, якія праводзіла Святлана Байкова. Цікава яшчэ, што ў эфіры ў перадачы «Хросны бацька» на тэлеканале НТВ выйшаў відэадопыт Малочкі.

Бізнэсовец на камеру расказваў асаблівасці працы на мытні. Калі верыць ягоным словам, то з кожнай фуры на хабар мытнікам, памежнікам і кадэбістам ішло да сямі тысяч даляраў. Дарэчы, сам Малочка, які арганізоўваў праезды расійскіх машын, арыштаваны не быў.

Яшчэ з’яўлялася інфармацыя, што крымінальную справу разам з Байковай пачынаў раскручваць тагачасны міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, які пазней з’ехаў у Маскву. Не выключалася, што арышт жанчыны мог быць помстай спецслужб за яе расследаванні.

У турме Байкова трымала галадоўку, а таксама звярталася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. У ім следчая пісала пра сваю невінаватасць, а таксама прасіла кіраўніка дзяржавы аб літасці, каб працягнуць барацьбу з «трутнямі».
2 жніўня ля Вярхоўнага суда хадзілі сваякі Святланы з кветкамі. Выйшла адвакатка Таццяна Кахно, якая размаўляць з прэсай не захацела. Пачулася толькі, што да сваякоў Святлана выйдзе з іншага боку, каб не размаўляць з журналістамі. Муж Дзмітрый пабег за машынай.

Дакладны прысуд вядомы яшчэ не быў. Тым не менш, атрымалася заспець абдымкі следчай з роднымі. Ёй адразу далі кветкі і марожанае. Просьбу паразмаўляць Байкова адразу адхіліла.

Толькі на пытанне, ці расчараваная яна ў беларускім законе, адказала: «Канечне».
«Яна заўжды верыла, што праўда пераможа. Спадзявалася, што яе выпусцяць, — сказала яе мама Яніна Іванаўна. — Ні за што сядзела. Яна вельмі моцны чалавек».

Ужо пазней прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Настасся Цымановіч зачытала прысуд.

Першапачаткова Байкова абвінавачвалася ў злоўжываннях па службе, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, незаконнае прыцягненне грамадзян да крымінальнай адказнасці, заключэнні іх пад варту і прымусу да дачы паказанняў. З усіх абвінавачванняў засталося толькі перевышэнне службовых паўнамоцтваў. Па ўсіх іншых артыкулах яе апраўдалі.

Яе прысудзілі да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, то бок «хатняй хіміі». Пры гэтым прызнаўшы, што ў дзеяннях следчага не было злых намераў. Пад увагу ўзялася працяглы перыяд службы ў генпракуратуры, а таксама дзяржаўныя ўзнагароды. Калі браць пад увагу, што дзень турмы ідзе за два дні «хіміі», то тэрмін зняволення следчай ужо скончыўся.

Журналістаў таксама цікавіў лёс Карэна Вартаняна, які нібыта выбіваў паказанні для Байковай і ішоў з ёй па адной справе. Аднак ніякай інфармацыі атрымаць ад прэс-сакратара так і не ўдалося.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?