Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі адмаўляе, што ў чэрвені ў глыбоцкай калоніі № 13 (Віцебская вобласць) прайшла галадоўка зняволеных. Інфармацыя пра гэта не адпавядае сапраўднасці, заявілі ў міліцэйскім ведамстве.

Пра галадоўку як пра акцыю пратэсту супраць парушэння закону з боку адміністрацыі калоніі, прымянення сілы да зняволеных паведаміў 1 жніўня журналістам Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з папраўчай установы ў Глыбокім. Раней такую інфармацыю са спасылкай на нейкага былога зняволенага абнародаваў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа», якая займаецца пытаннямі захавання заканадаўства ў папраўчых установах. Паводле яго слоў, удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.

Бандарэнка паведаміў, што «ў адказ адміністрацыяй калоніі ў перыяд з 16 па 22 чэрвеня было праведзена масавае збіванне асуджаных. Большасць са зняволеных, якія зведалі гэта, не маглі хадзіць самастойна, аднак медыцынская дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі вымушаны звяртацца да экстрэмальных мер самаабароны — спробаў суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасці, разрэзалі сабе вены і жывот». У МУС БелаПАН заявілі, што асуджанага з прозвішчам Чыкін сярод спецкантынгенту глыбоцкай калоніі няма.

1 жніўня на сустрэчы з журналістамі Юрый Лінга фактычна пацвердзіў словы Бандарэнкі. Ён сказаў, што былі збіты зняволеныя Мікалай Разуеў, які пасля гэтага разрэзаў сабе жывот, Юрый Канцява, зняволены па мянушцы Чыкін і малады чалавек Ілья. Апошні, як сцвярджае Лінга, ледзь не памёр ад страты крыві.

Святлана Пакунова, маці зняволенага Ільі Кавернікава (асуджаны за выкраданне машыны), паведаміла журналістам, што нядаўна была на сустрэчы з сынам. Яго прывялі са штрафнога ізалятара, у якім той знаходзіцца з 12 ліпеня з прычыны аб’яўлення галадоўкі пратэсту. Паводле слоў жанчыны, у яе сына былі апухлыя рукі, на адной з іх — сляды ад парэзаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?