13 студзеня, у стары Новы год, у менскім Доме кіно пройдзе аўдыёвізуальнае шоў пад назвай «Кароткае замыканьне. Культавыя кліпмэйкеры». Прадстаўляе гэтае мерапрыемства InterFilmWostok.net.

Спэцыяльна для ўдзелу ў гэтай імпрэзе з Бэрліну прыехала Вераніка Круглова:

— Плянуецца зрабіць дзею молада, энэргічна і модна. Арганізатары мяркуюць арганізаваць свабодную аўдыёвізуальную прастору і не зьбіраюцца рабіць жорсткую схему і ўсаджваць людзей у глядацкую залю. Усе будуць свабодна рухацца з адной залі ў іншую».

У холе вялікай залі пакажуць музычнае відэа, «шорцікі» — гэта кароткія фільмы і арт‑кліпы. Тамсама будзе паказаная поўная праграма рэклямных ролікаў наватарскага скандынаўскага калектыву «Трактар», які мае багата ўзнагародаў. Акрамя гэтага, пакажуць новую сэрыю жартоўных драйвавых і яскравых танцавальных фільмаў і ролікі Björk, Rolling Stones, Kylie Minogue, The Chemical Brothers, Foo Fighters, Daft Punk, Massive Attack і шмат каго яшчэ.

Другая частка — гэта аудыё‑відэа‑мікстэрыя, у якой чакаецца жывы выступ KRIWI пад візуальны шэраг ад Валерыя Канішчава і пройдзе выстава беларускай мастачкі Жаны Капусьнікавай.

Цягам усяе імпрэзы ў холе можна будзе знайсьці інфармацыю пра ўсё, што адбываецца, мультымэдыйны столік і, вядома ж, бар.

Паводле ERB, InterFilmWostok

Фота InterFilmWostok

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0