Алесь Бяляцкі пасля ператрусу на "Вясне", svaboda.org

Алесь Бяляцкі пасля ператрусу на "Вясне", svaboda.org

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю узяты пад варту.

Як паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка, Бяляцкі затрыманы на трое сутак у якасці падазраванага па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Бяляцкі будзе знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, паведаміла праваабаронца.

Нагадаем, што Бяляцкага даставілі ў ДФР пасля завяршэння ператрусу ў офісе арганізацыі, што на праспекце Незалежнасці, 78а. На частку маёмасці, якая знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага, дзе ператрус прайшоў раней, забраны камп’ютар.

Допыт у дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прайшоў у прысутнасці адваката Бяляцкага Дзмітрыя Лаеўскага.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы сёння ў раёне плошчы Перамогі прыблізна ў 17.00. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць Таццяне Равяка. Прыкладна праз паўгадзіны жонка праваабаронцы паведаміла па тэлефоне, што яны з Алесем знаходзяцца дома, дзе пачаўся ператрус. Пасля гэтага жанчыне забаранілі размаўляць па тэлефоне.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне. У кастрычніку 2003 года «Вясну» ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.

«Я думаю, гэта звязана з тым, што мы аказвалі не толькі прававую, але і матэрыяльную падтрымку ахвярам рэпрэсій. Думаю, звязана менавіта з гэтым», — заявіла супрацоўніца «Вясны» Таццяна Равяка.

Алесь Бяляцкі — паважаны на цэлы свет праваабаронца — быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Некалькі год таму Бяляцкага вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру.

У Беларусі праваабаронцы «Вясны» аказалі дапамогу сотням, калі не тысячам рэпрэсаваных.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?