Будаўніцтва беларускага палігона для выпрабаванняў генетычна мадыфікаваных культур завершыцца ў 2012 годзе. Палігон будзе размяшчацца ў Мінску,
паведаміла 4 жніўня на брыфінгу намеснік дырэктара па навуковай працы дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут генетыкі і цыталогіі НАНБ» Валянціна Лемеш.

На стварэнне палігона памерам 25×112 метраў выдзелена 340 млн. рублёў, з іх 140 млн. — на абсталяванне, якое ўжо набыта летась, а 200 млн. — непасрэдна на палігон (праектна-каштарысная дакументацыя, агароджы, сістэма відэаназірання).

«Мы ўжо пачалі яго будаўніцтва, у наступным годзе ён будзе завершаны, — сказала Лемеш. — Зараз закупляем сельскагаспадарчую тэхніку: трактар, міні-трактар, сеялку».

На палігоне, паводле слоў вучонага, плануецца выпрабоўваць «расліны, атрыманыя ў навукова-даследчых інстытутах». Найперш гэта будуць узоры генетычна мадыфікаванай бульбы, магчыма, ільну і рапсу.

Паводле слоў кіраўніка Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябяспекі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАНБ Сяргея Драмашкі, палігон для выпрабаванняў прадуктаў геннай інжынерыі пакажа, што «Беларусь знаходзіцца на дастаткова добрым узроўні развіцця і здольная ўвайсці ў клуб 25 біятэхналагічных краін, якія вырошчваюць генетычна мадыфікаваныя культуры ў прамысловых умовах».

Праект стварэння гэтага выпрабавальнага комплексу ўваходзіць у дзяржаўную праграму «Інавацыйныя біятэхналогіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?