Цяпер праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў прысутнасці адваката дапытвае следчая група дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі.
Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, допыт пачаўся каля 13.00, колькі ён будзе доўжыцца — невядома. Яна разам з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй прывезлі праваабаронцу перадачу, аднак яе не прынялі і спаслаліся менавіта на тое, што ідзе допыт. Наталлі Бяляцкай на кароткі тэрмін удалося сустрэцца з мужам, які, паводле яе слоў, «перадае ўсім прывітанне» і «трымаецца бадзёра».
Падчас допыту да жанчын выйшаў следчы і, як сказала Равяка, паведаміў, што пасля працэсуальнай працэдуры будзе прынята адно з трох рашэнняў: або з Бяляцкага здымуць падазрэнні і адпусцяць, або ён будзе памешчаны на 10 сутак у СІЗА МУС да прад’яўлення абвінавачання, або сёння ж будзе прад’яўлена абвінавачанне і праваабаронцу памесцяць у следчы ізалятар.