У 2008 годзе ў Пекіне 20-гадовы хлопец з Барысава Андрэй Арамнаў бліскуча выйграў Алімпіяду. Пасля гэтага ў цяжкаатлета нібыта пачалася чорная паласа ў жыцці. Арамнаў трапляў у самыя розныя гісторыі: лавілі п’яным за рулём, дыскваліфікацыя праз марыхуану, пасля — траўмы, а цяпер вось канфлікт з галоўным трэнерам.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

З Андрэем мы сустрэліся на базе ў Стайках. Спачатку ён дапамог жонцы данесці пакункі да машыны, а ўжо потым цэлую гадзіну адказваў на пытанні. У гэты час да яго падыходзіў праслаўлены спартыўны доктар Валерый Бялан, які прасіў Арамнава быць асцярожным, бо «ты ў нас адзін такі».

Андрэй жа расказаў чарговую гісторыю, як паслізнуўся ў пад’ездзе на разлітым кефіры.

З кайданкамі на штанзе

«Наша Ніва»: Андрэй, апошняе пра цябе было чуваць, што ты рыхтуешся да Алімпіяды не са зборнай, а па індывідуальным плане. Праўда?

Андрэй Арамнаў: Не. Ін-дывідуальная праграма, калі я цалкам адлучаны ад каманды, калі я харчуюся, як хачу, калі я на зборах, як хачу. Цяпер жа я ў Стайках, харчуюся тым, што замаўляе трэнер, зборы таксама, калі ён захоча.

«НН»: Што ў цябе за канфлікт з трэнерам Ганчаровым?

АА: Ён не прафесіянал, я гэта бачу. Раней мне здавалася, што ён мяне не любіць і ўсё робіць на злосць, а выйшла, што ён, нічога не ведаючы, спрабаваў мяне прыціснуць, прыструніць. Няма лепшай абароны, чым атака.

«НН»: Не спрабавалі неяк улагодзіць канфлікт?

АА: Я шмат разоў спрабаваў з ім паразмаўляць. Апошні раз ён мяне падмануў, калі сказаў, што будзе мяне абараняць ва ўсіх інстанцыях. Папрасіў: давай пачнём трэніравацца і забудзем усе крыўды. Калі прыехаў тагачасны міністр спорту Грыгораў, то Ганчароў нядобра пра мяне адгукаўся, за што мяне пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі на ўвесь 2009. Методыка трэніровак Ганчарова вельмі простая — закрыць спартсмена ў лесе, прыкаваць кайданкамі да штангі. Ён кажа, што незаменных няма. Калі не захочаце трэніравацца вы, то прыйдуць іншыя.

«НН»: У Ганчарова ж таксама ёсць выхаванцы, якія дасягаюць поспеху.

АА: У яго асабістых выхаванцаў няма. Ён займаецца канфіскацыяй спартсменаў у трэнераў. У Рыбакова першым трэнерам быў не Ганчароў.

«Інвалідам можна стаць ад аднаго руху»

«НН»: На Алімпіяду ў Лондан ты едзеш?

АА: Да Алімпіяды я буду рыхтавацца абавязкова. Не ведаю, ці падрыхтуюся да сёлетняга Чэмпіянату свету толкам. Я ведаю, што прафесіяналізму і сілаў у мяне хапае, каб нікому не прайграваць ніколі. Нават фактычна без трэніровак магу быць у «тройцы» на любых спаборніцтвах. У мяне зараз праблемы з харчаваннем.

«НН»: Што за яны?

АА: У Стайках трэнер не кантралюе харчаванне, што дадуць, тое і добра. Даюць няякаснае мяса. Гаворка ўжо не пра смакавыя якасці, а пра неабходныя вітаміны.

«НН»: Міністэрства спорту ў ваш канфлікт не ўмешваецца?

АА: Яны, відаць, там думаюць, што я не прафесіянал. Я нядаўна пра сябе прачытаў, што «шукаю сябе, не магу разабрацца ва ўласных думках». Я думаю, што гэта не так. Ганчароў сабраў вакол сябе людзей, якія не вельмі скардзяцца. Калі праводзіць трэніроўку, то кажа: «Добра. Малайчына. Выдатна». Выдатна, але не тэхнічна. Не ўсе спартсмены прыходзяць у зборную з ідэальнай тэхнікай. Цяжкая атлетыка — траўманебяспечны від спорту. Ад аднога руху можна стаць інвалідам. І гэтых спартсменаў трэба вучыць правільнай тэхніцы. Трэба выкарыстоўваць усё цела, трэба, каб нагрузка ішла на ўсю нагу, а не на адны, скажам, меніскі.

Самазванцы супраць герояў

«НН»: Андрэй, а каманду не думаў памяняць?

АА: Як памяняць? Краіну?

«НН»: Мяняюць жа спартсмены.

АА: Гэта амаль здрада. Гэта мая краіна. Тут я нарадзіўся, тут жывуць мае сваякі, жонка. Хутка будуць жыць мае дзеці. Я лічу, што цяпер век прафесіяналізму. Толькі яны будуць выжываць. Ранейшага самацёку, спадзяюся, не будзе. Самазванцаў вылічаць вельмі хутка.

«НН»: У Беларусі шмат самазванцаў?

АА: Хапае. Самае крыўднае, што іх часам падтрымліваюць. Могуць ахвяраваць героем дзеля самазванца. Гэта самае злачыннае.

«НН»: Андрэй, у цябе пасля Алімпіяды з’явіліся ворагі?

АА: Пасля таго як я «кінуў» 236 кілаграмаў на Алімпіядзе, у мяне пачаліся адны праблемы. У Беларусі цяжка быць першым. Лепш стаць некалькі разоў другім, трэцім, апошнім, бо такіх любяць і грэюць больш, чым пераможцаў. Калі нешта кажу, то толькі з маральных пабуджэнняў. Іншыя баяцца гаварыць, бо іх могуць выгнаць. Мяне ніхто выгнаць не зможа.

«НН»: Дык чаго ты хочаш дабіцца сваімі заявамі па трэнеру?

АА: У нас заўсёды былі самыя моцныя людзі, як Курловіч, Тараненка, як я. Цяпер няма вынікаў. Засталіся Арамнаў, Рыбакоў, Стральцоў, калі іх не падтрымаць, то не будзе ў нас медалёў. У Беларусі было столькі запасу, што толькі зараз, праз 16 гадоў сканчваецца. Цяпер адны дзеці засталіся, я адзін з найстарэйшых. Трэнер Тараненкі кажа, што да 25 гадоў увогуле нельга даваць нагрузкі на цела. Здароўе губіцца пацанскае. У нас ламаюцца чалавечыя лёсы. Увесь 2007 год Ганчароў мне казаў: «Я цябе ўсю роўна пастаўлю на месца». А якое маё месца? Я — алімпійскі чэмпіён. Я хачу, каб цяжкая атлетыка была прафесійнай.

«Я на мяжы»

«НН»: Ніколі не было думак кінуць цяжкую атлетыку?

АА: Я ўвесь час пра гэта думаю. Я на мяжы таго, што выйграю за Беларусь яшчэ пяць Алімпіяд, ці скажу, што адмаўляюся плаваць у адной лужыне з гэтымі… Але мне хочацца яшчэ патрэніравацца. Мне падабаецца прыходзіць у спортзалу і аддаваць сябе ўсяго трэніроўкам. У мяне ўяўленне пра спорт душэўнае — гэта чэснасць, сіла, дух. А атрымліваецца, што гэта нейкі паўбізнэс. Тут нікому не трэба твой медаль. Трэба маўчаць і зарабляць некаму заробак. Лагун Сярога загінуў, ён таксама быў за мяне… Мы хацелі з ім пасля Чэмпіянату свету вынесці свой пратэст.

«НН»: Сябраваў з Лагуном?

АА: Так, вельмі класны чалавек быў. Лёс… Загінуў жа праз што? У яго проста лопнула шына. Ззаду ў яго былі добрыя калёсы, а спераду ці грошай пашкадаваў, ці што, купіў «Белшыну». Вось яна і лопнула.

«Трэба было зняць стрэс»

«НН»: Андрэй, чаму ты ўліпаеш у розныя гісторыі?

АА: 90% гісторый пра мяне прыдуманыя.

«НН»: Дык лавілі ж цябе за рулём п’яным.

АА: Ну вось адна гісторыя. Злавілі, забралі правы, цяпер не езджу. Мяне, здаецца, год ужо нідзе не лавілі. Чаму пра гэта ніхто нічога не кажа?

«НН»: Яшчэ была гісторыя з марыхуанай.

АА: Гэта была курыцельная сумесь. На той час яна была легальнай. Тады пра яе было вельмі мала інфармацыі. Сумесь гэтая ішла як араматызатары паветра. Мне трэба было неяк зняць стрэс.

«НН»: А што прыдумваюць пра цябе?

АА: Я заўсёды добра сябе паво-джу, нармальна, годна. Але пра мяне расказвалі ў Міністэрстве, што я ўвесь час парушаю рэжым, яшчэ і каманду зводжу. Гэта глупства.

«НН»: Стэрэатып у людзей ужо склаўся, што ты «кепскі хлопец».

АА: Бо мяне ніхто не абараняе. Нават мой трэнер маўчыць. І як мне жыць на гэтым свеце? Мне трэба маральная падтрымка, каб я бачыў, што некаму гэта трэба. Мне за свае грошы трэба трэніравацца? У мяне што, сям’і няма?

У пазыкавай яме

«НН»: Жаніўся даўно?

АА: 10 мая. Праз месяц-паўтара ў мяне народзіцца дачка. Цяпер мне трэба неяк выжываць у гэтым жорсткім свеце не толькі для сябе. Жонка таксама з Барысава, з дзяцінства адзін аднаго ведаем.

«НН»: Мінскую кватэру давёў да ладу?

АА: З 2009 года, калі я атрымліваў 172 тысячы рублёў заробку, у мяне лёгкая пазыкавая яма, з якой вылезці не ўдаецца пакуль. Спартсмены ў Беларусі зусім не абароненыя, ніяк.

«НН»: І шмат набраў пазыкаў?

АА: Дастаткова. Я трачу ў месяц, можа, 100—200 даляраў. Усё астатняе мне даводзіцца аддаваць.

«НН»: Сябры пазычалі?

АА: Дык пазычылі, не падарылі ж, аддаваць давядзецца. Няма сяброў. Быў сябра Сяргей Лагун. Цяпер знаёмыя, прыяцелі. Мала людзей, якім можна нешта расказаць.

«НН»: Не парушаеш цяпер рэжым?

АА: Я яго ніколі не парушаю! Калі парушаю, то я ведаю, як парушыць, каб гэта не перашкодзіла маёй прафесійнай кар’еры. Я ведаю фізіялогію чалавека. Раней я ўсім казаў, каб займаліся спортам, цяпер кажу пра фізкультуру. Я сутыкнуўся з тым, што творыцца ў прафесійным спорце — няма яго ў нас. Ёсць прафесійныя спартсмены, але не спорт.

«П’ю рэдка»

«НН»: Цяжкая атлетыка — той від спорту, які найчасцей трапляе ў допінг-скандалы.

АА: Фармакалогію прымаюць усюды, я маю на ўвазе дазволеную. Калі яе не прымаць, то можна проста пасадзіць сэрца. У лю-дзей ёсць імкненне перамагчы, але сродкі выкарыстоўваюць не заўсёды добрыя.

«НН»: За што футбол так не любіш?

АА: У нас штангісты ў зборнай лепш гуляюць, чым нашы футбалісты. Бегаюць нешта, запінаюцца на полі. Прафесіянальны футбол я бачу на Чэмпіянатах свету. А нашы потым усе ў курылках ся-дзяць, якія гэта спартсмены. Ніколі не быў на стадыёне ў Барысаве. І не буду. Я ж разбіраюся трохі ў спорце, нецікава мне на іх глядзець.

«НН»: Падарожнічаць любіш?

АА: Так, люблю. А Ганчароў мяне наўмысна зачыняе ў Стайках.

«НН»: Дык баіцца, што ў начныя клубы пойдзеш замест трэніровак.

АА: Думаеш, я не хаджу ў начныя клубы? Можа, мне яшчэ з жонкай развесціся? Я нармальны чалавек. Я трэніруюся ўжо 14 гадоў, няўжо не навучыўся з гэтым жыць. І што, я спіртнога не каштаваў? Я проста ведаю, як гэтым карыстацца.

«НН»: А цяпер можаш выпіць?

АА: Я п’ю рэдка, хаця не магу сказаць, што зусім не п’ю. Магу шампанскага выпіць ці піва крыху пасля лазні. Гэта расшырае сасуды, добра дзейнічае на арганізм.

«НН»: Прыхільнікі ў бары часта цягнуць? Кажуць, футбаліста Пракапенку гэта і загубіла?

АА: Хто такі Пракапенка?

«НН»: У 1982 годзе быў любімец мінскай публікі. Амаль як ты зараз.

АА: Я проста думаў, што цяпер такі ёсць Пракапенка. Ну і што, калі цягнуць? Я прафесіянал, я ведаю, як выходзіць з сітуацый. Не магу толькі навучыцца жыць не з прафесіяналамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?