Тэрмін утрымання пад вартай Алеся Бяляцкага працягнуты да 10 сутак
Яго перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага.
Алесь Бяляцкі затрыманы на 10 сутак, паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка. Паводле яе слоў, пра гэта сёння вечарам яго жонку Наталлю Бяляцкую праінфармаваў следчы.
photo.bymedia.net
Бяляцкага перавезлі з камеры дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
Як паведаміла Равяка, жонка паспела ўбачыцца з ім і перадаць яму прадукты, адзенне і прадметы асабістай гігіены.
«Алесь адчувае сябе нармальна, падаўленым не выглядае. Ён не страціў бадзёрасці духу»
, — паведаміла Таццяна Равяка.
Згодна з заканадаўствам, пасля заканчэння 10 сутак, адлік якіх вядзецца з моманту затрымання, следчыя органы павінны будуць выставіць Бяляцкаму абвінавачанне, выпусціць яго з СІЗА або працягнуць тэрмін яго ўтрымання пад вартай.
***
Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы вечарам 4 жніўня ў Мінкску супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследавнаняў Камітэта дзяржкантролю. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 КК). Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам — пазбаўленне волі на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Як паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у канцы чэрвеня падатковая інспекцыя падала Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі аб сродках, што паступілі ад замежных арганізацый на яго рахунак у літоўскім банку Nord. Падатковыя інспектары палічылі гэтыя сродкі ўтоеным даходам. У пачатку ліпеня такі ж акт, але са звесткамі па літоўскім банку SEB, быў пададзены самому Стэфановічу. Аднак сума, выяўленая на рахунку Стэфановіча, не такая значная, каб у дачыненні да яго можна было распачаць крымінальную справу.
«Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў Стэфановіч. — Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу». Ён падкрэсліў, што беларускія праваабаронцы за гады сваёй дзейнасці падтрымалі тысячы грамадзян, чые правы былі парушаныя.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ