Асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец будзе адбываць пакаранне ў Віцебскай вобласці.

Раніцай 8 жніўня ён наведаў інспекцыю Дэпартамента выканання пакаранняў у Віцебску. «У мяне ўзялі адбіткі пальцаў, аформілі неабходныя паперы і паведамілі, што на працягу тыдня будзе вызначана месца, дзе я буду адбываць пакаранне. Пакуль пэўнае месца мне не назвалі. Заявілі толькі, што я буду адбываць пакаранне ў Віцебскай вобласці», — сказаў палітык.

Ён адзначыў, што

ў Віцебскай вобласці каля дзясятка выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу. «Яны знаходзяцца як у Віцебскім раёне, так і ў Мёрах, Полацку, Наваполацку і іншых месцах», — пералічыў Севярынец.

Варта адзначыць, што ён ужо адбываў пакаранне ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу са жніўня 2005 гады па май 2007-го года ў вёсцы Малае Сітна Полацкага раёна, працуючы ў мясцовым лясгасе. Тады Севярынец быў асуджаны за арганізацыю ў кастрычніку 2004 гады ў Мінску масавых несанкцыянаваных выступленняў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму.

16 мая гэтага года Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Завадскога раёна Менска ў рамках справы аб масавых беспарадках 19 снежня па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Севярынца прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?