Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку да перамоваў аб мірнай перадачы ўлады. Гэтую заяву польскага міністра беларускія СМІ абышлі ўвагай.

І тым не менш пытанне пастаўленае. Наколькі імаверны такі неверагодны паварот падзеяў? Пра гэта «Беларускі партызан» пацікавіўся ў палітолага Аляксандра Фядуты.

— Радаслаў Сікорскі дэманструе еўрапейскую наіўнасць у дачыненні да рэжыму?

— Польшча — асаблівая краіна з асаблівай гісторыяй. Мне здаецца, альбо пана Сікорскага няправільна зразумелі, альбо ён дрэнна ведае ўласную гісторыю. Генерал Ярузельскі не вёў перамоваў аб перадачы ўлады, ён вёў перамовы аб спыненні ўнутранага польскага канфлікту. А ПОРП сядзела з «Салідарнасцю» за адным сталом перамоваў у якасці раўнапраўнага партнёра перамоваў, а зусім не пераможанага. Таму ў дадзенай сітуацыі я разглядаю выступ пана Сікорскага, я б сказаў, як некаторую бестактоўнасць.

Выбачайце, пры ўсім тым, што я не лічу Аляксандра Лукашэнку дэмакратычна абраным прэзідэнтам краіны, я не бачу механізмаў, якія прымусілі б яго перадаваць каму-небудзь уладу. Вось пайсці на дыялог з апазіцыяй ён абавязаны, таму што сітуацыя зайшла занадта далёка, і Беларусь знаходзіцца ў стане сістэмнага крызісу. З гэтага крызісу можна выйсці толькі сумеснымі намаганнямі. Таму калі Аляксандр Лукашэнка лічыць сябе адказным палітыкам, ён павінен: першае — выпусціць палітвязняў, бо гэта неабходная ўмова для пачатку ўнутранага дыялогу, і другое — пачаць гэты дыялог. Гэта тая ўмова, пры якой можна атрымаць рэальны кансэнсус элітаў па сітуацыі ў Беларусі, выпрацаваць больш-менш выразны курс, які б падзялялі усе і які не прывёў бы да разгойдвання лодкі, а па-другое, тое, што рэальна дазволіла б пераканаць сусветную супольнасць у пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне і, цалкам магчыма, дазволіла б атрымаць рэальныя грошы, рэальную дапамогу, якая нам насамрэч патрэбная.

— Сумнеўна, каб Лукашэнка выпусціў палітвязняў. Падобна да таго, што «дзекабрыстаў» ён лічыць сваімі асабістымі ворагамі.

— Мяркуючы па тым, як узмоцнена ўгаворваюць людзей, якія сядзяць у калоніях, пісаць просьбы аб памілаванні — улада гатовая задаволіць гэтыя просьбы. Пытанне ў тым, што «дзекабрысты» і не-дзекабрысты — палітвязні, той жа Мікалай Аўтуховіч, той жа Анджэй Пачобут, з’яўляюцца грамадзянамі сваёй краіны, яны разумеюць наступствы такога кроку. Наступствы напісання такога тэксту. І тое, што яны трымаюцца, — гэта менавіта таму, што яны думаюць пра сябе менш, чым пра краіну. Хлопчык Мікіта Ліхавід рэальна ахвяруе сабой, як ахвяруе сабой Дзіма Дашкевіч, як ахвяруе сабой Андрэй Саннікаў. Гэта людзі, якімі можна і трэба захапляцца, якіх можна і трэба паважаць.

— Але, адпусціўшы палітвязняў, з імі ж давядзецца садзіцца і за стол перамоваў — бо значная частка апазіцыйных лідараў знаходзіцца ў турме. Ці зможа Лукашэнка пераступіць праз сябе?

— Так склаўся лёс, што мне як журналісту, як чалавеку не раз давялося мець зносіны з Адамам Міхнікам, галоўным рэдактарам «Газеты выборчай» у Польшчы і чалавекам, які, уласна, прапанаваў знакамітую формулу: «Ваш прэзідэнт — наш прэм’ер». Тая кансэнсусная формула падзелу адказнасці паміж ПОРП і «Салідарнасцю». Мне давялося мець зносіны і з чалавекам, што прадстаўляў іншы бок, — гэта тагачасны чалец Палітбюро ПОРП Станіслаў Тесек, будучы шматгадовы пасол Польшчы ў Расіі і затым дарадца прэзідэнта Квасьнеўскага па міжнародных пытаннях. Я магу сказаць, што абодва гэтыя чалавекі, якія былі ледзь не рухавікамі працэсу, названага «круглым сталом» у Польшчы, абодва яны разумелі, хто сядзіць «па той бок». Тыя, хто прадстаўляў ПОРП, разумелі, што па той бок сядзяць людзі, якіх гэтая ўлада біла, мела, садзіла ў турмы, высылала, не давала працаваць. Па іншы бок сядзелі людзі, якія ведалі, хто сядзіць перад імі, што гэтыя людзі ўсё гэта з імі рабілі. Яны разумелі іншае: што іх суразмоўцы маюць патрэбу ў гарантыях, у тым ліку і ў асабістых гарантыях. Гэта не было пытаннем перадачы ўлады, таму што абодва бакі разумелі яшчэ адну рэч — гаворка ідзе пра лёс Польшчы і пра ўсталяванне доўгатэрміновых правілаў палітычнага жыцця ў іх краіне. Таму што альтэрнатывай магла быць толькі грамадзянская вайна. Выбачайце, ПОРП усё яшчэ кантралявала войска, і ПОРП ўсё яшчэ кантралявала ўнутраныя сілы. І можа быць, мудрасць генерала Ярузельскага выратавала яго ад лёсу генерала Піначэта, а мудрасць Леха Валенсы дазволіла яму ўрэшце стаць другім прэзідэнтам дэмакратычнай Польшчы, таму што першым прэзідэнтам дэмакратычнай Польшчы ўсё яшчэ варта лічыць Войцеха Ярузельскага.

— Ці хопіць мудрасці мясцоваму кіраўніку?

— Калі і не мудрасці, то павінен знайсціся хоць бы інстынкт самазахавання. Калі ўлада ведае, што яе збіраюцца знішчаць ў асабістай якасці, яна ваюе не на жыццё, а на смерць. І які б з бакоў ні спрабаваў у гэтай сутычцы знішчыць іншы, гінуць ўсё роўна абодва бакі. Гэта паказвае лёс тых, хто забіў Чаўшэску. Таму я вельмі не люблю, калі кажуць пра румынскі варыянт. Я, напрыклад, аддаю перавагу варыянту польскаму. І на жаль, мне здаецца, што ў сваіх каментарах паважанаму выданню пан Сікорскі забыўся пра гэтыя ўрокі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?