9 жніўня спаўняецца 85 гадоў сябру Вялікай Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», вядомаму дзеячу беларускай дыяспары, доктару гісторыі, палітолагу, літаратару, публіцысту Янку Запрудніку
Фота Kamunikat.org.
Янка Запруднік спалучае напружаную журналісцкую працу з літаратуразнаўствам, засведчыў сябе як навуковец-гісторык і актыўны грамадскі дзеяч. Ён мае шмат даследаванняў па гісторыі Беларусі. Доўгі час ён працаваў на радыё «Свабода», быў галоўным рэдактарам вядомай газеты «Беларус», з 1974 г. уваходзіць у склад рэдакцыйнай калегіі «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Ён аўтар многіх кніг, сярод іх: «Спадчына бацькоў: агледзіны: да 100-годдзя нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.)», манаграфія «Беларусь на гістарычным скрыжаванні». Беларускія літаратуразнаўцы ведаюць розныя псеўданімы Янкі Запрудніка: Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, Рыгор Ліцвін, Скараход.
Янка Запруднік ёсць адным з тых рухавікоў, на якіх сёння трымацца беларускае жыццё ў Амерыцы. Ён жыве беларускімі справамі, актыўна рэагуе на ўсё, што адбываецца на Радзіме, дапамагае беларусам і Беларусі.
Управа Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» шчыра віншуе спадара Янку Запрудніка са святам! Жадаем выдатнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту, плёну ў беларускіх справах, здзяйснення ўсіх планаў і задумаў.
Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў.
***
Жыву надзеяй
(з допісу Янкі Запрудніка)
Да 85-гадовага юбілею беларуска-амерыканскага
гісторыка, палітолага, літаратара, грамадска-культурнага
дзеяча, доктара навук Янкі Запрудніка.
Жыву надзеяй між бягучых спраў.
У бегатні гадоў няма разгрузкі.
І ўсё ж наш Бог мяне не пакараў —
Даў мацярык: і тут ён — беларускі!
Нью-Ёрк і родны Мір — адзін Алімп.
Прытулак для пякучых спраў заўзятых
на дні мае усклаў змагарны німб.
А дні народзінаў — не толькі святы:
і дзеі — Слова вымавіць за тых,
азмрочаных бязроднаю маною,
згадаць людзей, папраўдзе залатых
ды сцебануць глухую параною.
Жыву надзеяй. Для падзеі жыць —
паверыць: і Каханне маладзее!
і як такім жыццём не даражыць,
дзе Беларусь — штодзённая надзея.
Сяргей Панізнік
Дзень прарока Іллі, 2011
Глядзі таксама: Да 85-годдзя айца Аляксандра Надсана.