На сайце«Тузін Гітоў» пачалася дыскусія, змест якой заключаецца ў пытнні,

ці варта незалежным музыкантам выступаць на дзяржаўным тэлебачанні?

Гурт Akute падчас свайго знаходжаньня на першых прыступках гіт-параду «Тузін гітоў» атрымаў запрашэньне ад тэлеканалу АНТ паўдзельнічаць у шоу «Эстрадный коктейль». Музыкі параіліся і вырашылі адмовіцца ад прапановы. «Мы не бачым сябе ў нейкіх патасных мерапрыемствах, — тлумачыць удзельнік гурту Раман Жыгараў. — Мы гурт іншага кшталту і ў нас няма мэты засьвяціцца ў тэлескрыні». Прычынай адмовы музыкант называе тое, што на падобных праграмах трэба граць пад фанаграму. «Я разумею патрабаваньні тэлепрадусараў ды іх імкненьне стварыць карцінку належнай якасьці, але перакананы, што рок-музыка мусіць быць жывой, пад плюс выступаць недазваляльна». Пры тым Akute гатовы трапіць у этэр у выпадку таго, калі нейкі зь беларускіх дзяржканалаў прапануе сыграць ужывую.

«Не трэба толькі лічыць нас кішэннымі рокерамі за такое меркаванне.
Мы проста любім музыку і разглядаем яе па-за палітыкай. Пагатоў, ані слоўца пра палітыку ў сваіх тэкстах не знаходжу», — зазначае Раман.

А вось гурт Handmade стала прапісаўся ў эфіры таго ж АНТ. Музыкі ўжо бралі ўдзел у праграмах «Кухня», «Эстрадный коктейль», а таксама ў праекце «Вечера в Мирском замке». 26 жніўня яны ізноў ідуць на Камуністычную, 6, каб запісаць дзве песні для «Эстраднага кактэйлю». «У нас былі на гэты конт сумневы і развагі, — кажа лідар каманды Яўген Валошын. — Але

мы вырашылі браць удзел у праграмах без палітычнай подбіўкі».
Праўда, аднойчы Яўгену давялося трохі пашкадаваць пра такое рашэнне. Справа тычылася гумарыстычнай праграмы «Кухня». «Канкрэтна ў той праграме нікога брудам не палівалі, але потым дазнаўся, што яе вядучыя займаюцца лізаблюдствам дзеля зарабляньня ачкоў, таму было прыкра».

На «Эстрадным кактэйлі» Handmade, як і ўсе астатнія ўдзельнікі перадачы, вымушаны выступаць пад фанаграму. Для музыкаў — гэта жахлівая недарэчнасць, але яны ідуць на гэта дзеля аднаго —

каб несці беларускую мову ў масы.
«Тэлеэфіры ў нас не прыносяць ані дывідэндаў, ані папулярнасці, за іх не плацяць ганарараў, але гэтыя каналы глядзяць у вёсках і мястэчках. І няхай яны пачуюць добрую музыку на беларускай мове». А досведам, атрыманым у тэлепраекце «Вечары ў Мірскім замку», Яўген наагул задаволены. «Мы выступалі там жыўцом разам з такімі гуртамі, як «Крыві», этна-трыё «Тройца», «Без білета». Чаго наракаць?». Што да праявы салідарнасці з шэрагам забароненых на дзяржТВ беларускіх музыкаў, то тут лідар Handmade мае такое меркаваньне: «Канечне,
я ўхваляю пазіцыю тых жа «Ляпісаў» і лічу абсалютна непрымальным забараняць іх. Але трэба мець вагу і папулярнасць, каб тую салідарнасць праявіць».

Ідуць актыўна на кантакт з дзяржканаламі і музыкі з гурту «Жнюв». У нядаўнім інтэрвію «Тузіну» вакаліст каманды Алег Рыпенка заявіў, што гурт адкрыты для ўсіх прапановаў і яны, як правіла, на ўсе запрашэнні адгукаюцца. Ці тое «Басовішча», ці тое «Музыкальный суд» на АНТ. Праўда, на дзяржТВ пачуваецца «Жнюв» няёмка:

«Калі нас і запрашаюць на дзяржаўнае тэлебачанне і радыё, то мы сябе адчуваем, як воўк у авечай шкуры або, калі жадаеце, «пятай калонай», —
зазначае Алег.

Дасведчаныя рокеры больш катэгарычныя. Гурт «Крама», якога шанавалі на дзяржТВ ва ўсе часы, вырашыў адмовіцца ад удзелу хоць у якіх тэлешоу. Ігара Варашкевіча можна было пабачыць у праектах АНТ і СТВ нават у часы існавання чорнага спісу 2003—2007 гг.: «Зараз я наогул туды не хачу ісці пасьля падзеяў 19-га. Калі да гэтага яшчэ супрацоўнічалі, то зараз я наўрад ці згаджуся на ўдзел у якой-небудзь праграме», — заявіў ён нядаўна ў праграме «Белы спіс».

Экспэрт «Тузіна Гітоў», культуролаг Максім Жбанкоў мяркуе, што

няма ўніверсальнага адказу наконт таго, ці ісці на супрацу з дзяржканаламі незалежным творцам.
Але, на яго думку, усё сведчыць пра неэфектыўнасць такой супрацы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?