Складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі вабіць замежных турыстаў. Яшчэ вясною ажыятажны попыт на беларускую тэхніку назіраўся ў Віцебскай вобласці, куды некалькі разоў на тыдзень прыязджалі жыхары з прымежных раёнаў Расеі. Цяпер шоп-туры набылі больш цывілізаваны выгляд — за іх узяліся турыстычныя кампаніі.

Напрыклад, «Тур-вояж» прапаноўвае адмысловую праграму «Шоп-тур: Пакуль у Беларусі крызіс».
Прадстаўнік кампаніі адзначыў, што такія вандроўкі карыстаюцца папулярнасцю сярод расейцаў. «Праблемаў з загрузкаю аўтобуса мы не маем. Турыстам прапаноўваецца экскурсія па горадзе, а таксама вольны час. Большасць з іх за гэтыя некалькі гадзінаў хутка аббягае беларускія крамы. Мы даўно гэта заўважылі, таму вырашылі, чаму б нам не распрацаваць для іх маршрут», — кажа суразмоўца. Дарэчы, пуцёўка ў Беларусь каштуе прыкладна 90 долараў. Сярод іншага, арганізатары абяцаюць завесці турыстаў на склады прадпрыемстваў.

Супрацоўнікі Гомельскай мытні праводзілі нават маніторынг: што вязуць з Беларусі расейцы?

Практычна ў кожным аўтамабілі — харчаванне ў вялікіх аб’ёмах
. «Паводле нашых ацэнак, гаворка ідзе пра дзясяткі тонаў, — даводзіць працаўнік мытні Алег Барцоў. — Такая тэндэнцыя назіраецца па ўсёй беларуска-расейскай мяжы: у Магілёўскай ды Віцебскай вобласцях таксама.
Шматлікія масквічы і пецярбуржцы, вяртаючыся з Чорнага мора праз Беларусь, адразу заязджаюць у нашыя супермаркеты, робяць вялікія набыткі і толькі тады вяртаюцца дадому».

Улады Беларусі не прыдумалі нічога лепшага, як узняць кошты на харчы. На меркаванне Міністэрства гандлю толькі тады, калі ў Беларусі цэны зраўняюцца з расейскімі, турысты не будуць масава вывозіць нашыя прадукты. Аднак такая сітуацыя закране найперш саміх беларусаў, якія і так скардзяцца на павышэнне цэнаў. «Да таго ж, стрымліванне пакупнікоў з Расеі супярэчыць прынцыпам Мытнага саюзу, — заўважае эканамістка Ірына Урбан. — Не можа быць ніякага кантролю, колькі вывозяць прадуктаў у Расею, з якой у нас фактычна няма мяжы. Ва ўсім свеце шоп-туры — выдатная магчымасць развіваць гандаль і сферу паслуг у прынцыпе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?