Двойчы на Каляды — перад каталіцкім Раством і на Новы год — у Алешчу прыяжджае рэтра‑цягнік зь Менску. Адмыслова да яго прыбыцьця на плятформе чыгуначнай станцыі ставяць вялізную елку, увешаную гірляндамі, і гукаўзмацняльную апаратуру. Цягнік на пяць вагонаў, ахайнейшы за звычайны, спыняецца ля елкі ды стаіць цэлую ноч пад гукі дыскатэкі. Люксовыя купэ з тэлевізарамі. Мора гарэлкі й прысмакаў. Масавік‑зацейнік зь мікрафонам... Алешча — самая паўночная станцыя Беларускай чыгункі, і камэрцыйныя туры на зімовыя сьвяты ладзяцца чыгуначнікамі пад тым соўсам, што якраз тут, на нашай Поўначы, жыве беларускі Дзед Мароз (прывезены разам са Сьнягуркай, ён робіць выгляд, што выходзіць з алешчынскага лесу). І хаця БТ ужо даўно раскручвае Дзеда Мароза зь Белавескае пушчы, ягоны чыгуначны канкурэнт перасяляцца з хлебнага месца нікуды не зьбіраецца.

Менскія госьці бяруць з сабою дзяцей, водзяць карагод вакол елкі, п’юць «Савецкае шампанскае» з гарла, гуляюць ноч і перад першым дызэлем з «максімкай» адбываюць дахаты. Алешчынцы й сіценцы вось ужо каторы год падцягваюцца на 25 ды 31 сьнежня сюды. Паглядзець. Зьбіраюцца на эстакадзе — адтуль добра відаць асьветленыя купэ й вагні вялікай елкі. Асабліва сьмелыя падыходзяць да плятформы й нават робяць спробу забрацца ў вагон‑рэстаран. Зухаў выстаўляюць, і тыя вяртаюцца на эстакаду, каб пахваліцца, хто што бачыў і хто што пасьпеў сьперці.

Іншых відовішчаў зімовай парою ў вяскоўцаў няма. І Каляды, і Новы год ад іншых выходных адрозьніваецца хіба што большай, чым звычайна, колькасьцю выпіўкі й моцаю дэбошаў. Са сьвятамі тут віншуюць міліцыя ды «хуткая дапамога». Дый елку ў хаце мала хто ставіць: яловыя галінкі на эстакадзе — самае дакучлівае сьмецьце, а ў лесе кожны сукаруб кляне «ёлкі‑палкі» за найбольшую гушчыню галінаў.

Увогуле, што адзначаюць беларусы з 25 сьнежня да 7 студзеня штогод — вялікае пытаньне. Зьмену нумару году? Безаблічнае Раждзяство?.. А што, да прыкладу, сьвяткуе галоўны дзяржаўны ідэоляг таварыш Рубінаў, які днямі выдаў‑такі ваенную тайну: рэлігія — опіюм для народу? Няўжо, як піша Лёлік Ушкін, і праўда — дзень нараджэньня СССР 30 сьнежня ды дзень абвяшчэньня БССР 1 студзеня?.. І няўжо багата люду будзе адзначаць Новы год паводле рубінавых зорак?..

Калі запытаць вяскоўцаў — дык што, урэшце, сьвяткуем на Каляды насамрэч? — тыя пацепнуць плячыма: «Ціпа... ну дзень жа прыбаўляецца!» Для іх Раство — проста сьвята нараджэньня сьвятла.

У Эвангельлі напісана якраз пра гэта. «Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет. У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў» (Яна 1:9‑10).

За елкамі, чакалядкамі, мандарынамі й санта‑клаўсамі неяк згубілася, што дзьве тысячы гадоў таму на сьвет нарадзіўся Збаўца чалавецтва, Ісус Хрыстос.

Ёсьць глыбокі сэнс у тым, што нараджэньне Сына Божага адбылося ў самую цёмную зімовую ноч сярод галечы й холаду. У тым, што пасьля гэтага сьвята пачынаецца Новы год. Што якраз у гэтую пару чалавек падрахоўвае вынікі году мінулага й зазірае ў будучыню.

Для беларусаў у 2006‑ым нарадзіўся сьветлы агменьчык Свабоды, Праўды й Справядлівасьці.

Хтосьці скажа: надта ж слабы агеньчык... Але Сын Чалавечы гэтаксама прыйшоў у сьвет слабым, безабаронным немаўлём.

Хтосьці скажа: ат, пастаялі на плошчы дзеці, АМАП іх расьпіхаў па аўтазаках, а потым з вучобы павыкідвалі, ды на эміграцыю. Але, каб спыніць прыйсьце Ісуса, улады таксама зьбівалі дзетак, а сьвятая сям’я мусіла ўцякаць у Эгіпет.

Хтосьці скажа: што ж яны ўсё церпяць, адно галадаюць ды лямантуюць?.. Але і наш Госпад скрозь увесь Свой зямны шлях цярпеў, пасьціў ды нёс людзям Слова.

І перамог на крыжы.

І ўваскрос, пакінуўшы людзям белую з чырваньню палатніну.

І павёў за Сабою пад гэтым сьцягам мільярды вернікаў.

Таму галоўная надзея для беларусаў у Новым годзе — не ў адмене эўрапейскіх прэфэрэнцыяў, ня ў рынкавых цэнах на расейскі газ і нават не ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Галоўная наша надзея — у той падзеі, якую каталікі й пратэстанты сьвяткуюць 25 сьнежня, а праваслаўныя — 7 студзеня, і якая засталася ў смутнай памяці жыхароў Алешчы й Малога Сітна як Дзень нараджэньня сьвятла .

Нараджэньне Сьвятла — сымбаль і прадвесьце нашага нацыянальнага абуджэньня. Мы верым, можам і пераможам — бо Хрыстос нарадзіўся!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?