Пад пагрозай яшчэ некалькі праваабаронцаў.
Бяляцкі атрымліваў на свае рахункі грошы з усяго свету на дапамогу рэпрэсаваным і звольненым.
Сёння пракуратура Польшчы пацвердзіла, што выдала Беларусі выпіскі з банкаўскага рахунку Алеся Бяляцкага ў польскім банку ING.
Пракуратура дзейнічала ў адпаведнасці з міжнароднай дамовай аб абмене інфармацыяй па крымінальных справах.Пракуратура апраўдваецца цяжкасцямі ў праверцы на прыналежнасць да беларускай апазіцыі.
Як стала вядома «Нашай Ніве», паперы на Бяляцкага цяпер знаходзяцца на перакладзе ў Гандлёвай палаце Беларусі.
Справай займаецца следчая група ў складзе аж чатырох чалавек.
Ёсць падставы меркаваць, што Варшава перадала інфу і на шэраг іншых дзеячоў апазіцыі. Мажліва, на тых самых, на каго іх перадала Літва.Пра выцек інфармацыі з літоўскага боку стала вядома раней.
Прадстаўнікі польскага ўрада катэгарычна абвяргалі магчымасць такой сама бесклапотнасці з польскага боку.
Калі 4 жніўня да праваабаронцы Алеся Бяляцкага на плошчы Перамогі падышлі асобы ў цывільным, яго сэрца, напэўна ж, ёкнула. Яшчэ месяц назад, на пачатку ліпеня яго выклікалі ў падатковыя органы. Тады яму і стала вядома, што афіцыйныя інстанцыі Літвы выдалі беларускім уладам усю інфармацыю пра грашовыя сумы, якія ён атрымліваў на свой рахунак у банках гэтай краіны. Як праваабаронца, Бяляцкі ведаў, што гэта дастатковая падстава для арышту.
Тую самую інфармацыю даслалі і яшчэ на трох актывістаў з ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна». Яны планавалі даць прэс-канферэнцыю на мінулым тыдні ў Мінску, але не паспелі. Паплечнік Бяляцкага, юрыст Валянцін Стэфановіч сустрэўся з журналістамі 5 жніўня ў Вільні. Там працуе Беларускі дом правоў чалавека, дзе і адбылася прэс-канферэнцыя.
Паводле слоў Стэфановіча, інфармацыя аб рахунках была перададзеная Беларусі ў сакавіку.У пачатку ліпеня Стэфановічу і Бяляцкаму беларускія падаткавікі прад’явілі акт і раздрукоўкі банкаўскіх рахункаў з літоўскіх банкаў «DnB Nord» і «SEB».
Адкуль беларускім уладам стала вядома пра гэтыя рахункі, Стэфановіч не ўдакладняў. Але
можна меркаваць, што нейкая інфармацыя трапіла ў КДБ з камп’ютараў, сканфіскаваных у «вясноўцаў» у ноч пасля выбараў, з 19 на 20 снежня.
Грунтуючыся на тых звестках, і мог быць аформлены запыт у кампетэнтныя літоўскія і польскія органы. Дэмакратычныя краіны спрацавалі як прававыя дзяржавы: яны дзеляцца інфармацыяй.
Намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус прызнаўся журналістам, што «інфармацыя пра банкаўскія рахункі ў Літве беларускіх апазіцыйных арганізацый прадастаўлена службам Беларусі з прычыны «занадта вялікага даверу да беларускіх установаў».
Цяпер літоўскія і польскія чыноўнікі кусаюць локці.
«Палітвязняў не павінна быць у Еўропе!» — сказаў Вайткявічус.
У Літве вакол «здрады», як пішуць СМІ, разгарэўся вялікі скандал. Тое самае чакае зараз і Польшчу.
5 жніўня
Стэфановіч расцаніў дзеянні тых, хто перадаў беларусам інфармацыю як «непаразуменне, якое, аднак, дорага абыдзецца беларусам».
На кватэры, лецішчы і офісе Бяляцкага прайшлі ператрусы. На частку маёмасці накладзены арышт.
Бяляцкі прызнаны падазраваным па крымінальнай справе, заведзенай па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Як вынікае са словаў Стэфановіча, Бяляцкі і праваабаронцы атрымлівалі на рахункі грошы, што сцякаліся з усяго свету. Гэтыя сродкі ішлі на патрэбы рэпрэсаваных і звольненых па палітычных матывах. Сапраўды, вясноўцы за 15 гадоў дапамаглі тысячам людзей.