Італьянскага бізнэсоўцу прынялі за «бензавоза». Ён прыязджаў у Брэст, каб заключыць пагадненне па інвестыцыйным праекце, узгодненым з мясцовым аблвыканкамам. Суправаджаў яго партнёр з Беларусі. Вось што ён распавёў газеце «Вячэрні Брэст»: «Нас затрымалі на мяжы і сказалі, што далей рухацца не маем права, паколькі я сустракаў госця ў Варшаве і афіцыйна парушыў правіла — еду на аўто за мяжу другі раз за пяць дзён». Паводле пастановы Савета Міністраў № 753, якая дзейнічае другі месяц, грамадзянам сапраўды дазволена толькі раз на пяць сутак на аўтамабільным транспарце выязджаць з краіны. Калі чалавек выязджае часцей, паліва ў ягоным аўтамабілі лічыцца экспартным таварам, за яго трэба плаціць мыту. Відавочца кажа:

«Я мытнікам растлумачыў, што ў мяне ў аўтамабілі саляркі толькі да бліжэйшай запраўкі даехаць — не падзейнічала.
Пагадзіўся выплаціць мыта на наяўнае ў баку паліва — дык і гэта зрабіць на месцы немагчыма, трэба ў Брэсце афармляць!
У мяне камандзіровачныя пасведчанні, вязу замежніка на самалёт, толькі што было пасяджэнне ў аблвыканкаме па інвестпраекце — нічога не дапамагае. Італьянец здзіўляецца: што адбываецца? А як яму ўсё гэта перакласці?».

У Дзяржаўным мытным камітэце дзеянні сваіх супрацоўнікаў называюць правамернымі. «Кіроўца мусіць аформіць дэкларацыю на мяжы, заплаціць мыта ў „Белмытсэрвісе“ — офіс знаходзіцца ў бліжэйшым горадзе ад памежнага пункта — і толькі тады вярнуцца ў агульную чаргу, каб пакінуць межы Рэспублікі Беларусь», — патлумачыў дыспетчар Брэсцкай мытні.

Кошт мыта складае $0,4 за літр бензіна і $0,29 за літр дызельнага паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?