Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць аналіз проб вады, адабраных на Вілейскім вадасховішчы. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Сяргей Заўялаў.

Заўялаў заявіў, што прадстаўнікі ведамства выязджалі на Вілейскае вадасховішча 10 жніўня, і

«там няма той карціны, якая паказаная» на фотаздымках у інтэрнэце.
Паводле яго слоў, прадстаўнікі прыродаахоўных службаў знайшлі «некалькі мёртвых рыбінак» і паласу ў вадзе сіне-зялёнага колеру. Але менавіта на Вілейскім вадасховішчы кожны год адбываецца цвіценне сіне-зялёных водарасцяў, заявіў прадстаўнік Мінпрыроды.

Паводле яго слоў, адабраныя пробы вады, праводзіцца іх аналіз. «Ён не так хутка робіцца, але, я магу сказаць, што

нічога страшнага там няма», —
сцвярджае Заўялаў. Наяўная сітуацыя не акажа ніякага ўплыву на якасць вады ў Мінску і на сумежнай тэрыторыі ў Літве, падкрэсліў ён.

Нагадаем, 10 жніўня начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Бакуновіч заявіў, што на здымках у інтэрнэце выяўленыя «натуральныя прыродныя працэсы» цвіцення сіне-зялёных водарасцяў. Ён таксама сказаў, што ніякага ўмяшання ў прыродныя працэсы на Вілейскім вадасховішчы з боку прыродаахоўных служб не патрабуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?