Першыя звесткі пра знаходжанне праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў следчым ізалятары атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

Ліст з-за кратаў Алесь Бяляцкі адправіў 8 жніўня. У лісце праваабаронца распавядае пра тое, як яму даводзіцца прызвычайвацца да турэмнага рэжыму.

На сайце праваабарончага цэнтра «Вясна» цытуюць урыўкі з ліста: «Жыццё працягваецца, я паступова асвойваюся і вывучаю няхітрыя навукі жыцця ў СІЗА. Устаём рана а 6-й, кладземся таксама рана — а 22-й. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага ўжо з часоў службы ў войску распарадку.

Тут усё робіцца не спяшаючыся, але вельмі дакладна і «са смакам». Прагулка — «са смакам», паход у лазню — «са смакам».

…Вадзілі да доктара, зрабілі флюараграфію, «адкаталі» пальчыкі ўжо другі раз за гэтыя тры дні, завялі медыцынскую картачку. Скаргаў на здароўе у мяне няма.

…Пакуль я ўсё ўспрымаю як штосьці нерэальнае, паглядзім, якія адчуванні з'явяцца пазьней.

…У гэтую гарачыню было троху душнавата, але прайшоў дождж, і на выгуле паветра было свежым і чыстым. Добра, што вялікія светлыя дні, у мяне на святло заўсёды добрая рэакцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?