За тры з паловаю гады парк мікрааўтобусаў, якія працуюць у сталіцы на экспрэсных маршрутах, паменшаў на чвэрць — з 1.020 да 770 машын. Яшчэ на пачатку гэтага года да паслугаў сталічных пасажыраў было 895 мікрааўтобусаў.

Пра гэта паведамляе начальнік аддзела конкурсаў і дагавораў ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Сасіноўскі. Паводле ягоных словаў, у конкурсах на права выканання аўтамабільных перавозак пасажыраў удзельнічае ўсё менш прэтэндэнтаў. «Перавозчыкаў не хапае, таму што на большасці камерцыйных маршрутаў праца стала нерэнтабельнай. Аўтамабілі, паліва, запчасткі даражэюць нашмат хутчэй, чым паднімаюцца тарыфы на перавозкі. А трэба яшчэ зарплату кіроўцам плаціць».

На думку арганізатараў пасажырскіх перавозак у сталіцы,

змяніць сітуацыю могуць павелічэнне тарыфаў мінімум у паўтара разу, наданне перавозчыкам ільготных умоваў арэнды аўто і льготных крэдытаў на іх пакупку.

«Адна з канкрэтных прапаноў — двухразовае зніжэнне мытных плацяжоў пры ўвозе аўтамабіля перавозчыкам. Пры адной істотнай ўмове: не менш за тры гады выкарыстоўваць ўвезены транспартны сродак для пасажырскіх перавозак, пасля чаго выплаціць у бюджэт суму падаткаў, якая б удвая перавышала суму згубленых дзяржавай мытных плацяжоў. Гэта дасць магчымасць кампенсаваць страты дзяржавы ад змяншэння мытных плацяжоў і створыць перадумовы да таго, каб перавозчык паказваў ўсю сваю выручку», — мяркуе сталічны перавозчык Яўген Карабейнік.

Калі не рабіць рашучых захадаў па падтрымцы транспартнага сектару наогул і камерцыйных перавозак у прыватнасці, не выключана, што неўзабаве менчукам на многіх накірунках прыйдзецца абыходзіцца без маршрутак.

«Мы выдатна разумеем, што кошт паліва яшчэ будзе расці — гэта напрамую звязана з ростам курсу замежнай валюты. Таму ўвосень, калі пасажырапаток мусіць павялічыцца, бо і працаўнікі выходзяць з адпачынку, а студэнты і школьнікі пачынаюць ездзіць на вучобу, мы пры сённяшніх умовах увесь транспарт не зможам вывесці з-за стратнасці», — адзначыў спадар Карабейнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?